Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец накіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю кардынала Бальдэллі
Святы Айцец
21.09.2012 16:26

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI накіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю кардынала Фартуната Бальдэллі, Вышэйшага пэнітэнцыярыя на пенсіі. Іерарх адышоў у вечнасць 20 верасня 2012 г. ва ўзросце 77 гадоў.

У тэлеграме на імя П’ера Бальдэллі, брата спачылага, Папа выказвае жаль з прычыны адыходу кардынала ў дом Пана. Пантыфік глыбока спачувае брату іерарха, іншым членам яго сям’і і ўсім, хто ведаў «дарагога кардынала і цаніў яго за ўзорнае сведчанне хрысціянскага і святарскага жыцця». Святы Айцец нагадвае пра вернае служэнне кардынала Бальдэллі Апостальскай Сталіцы, «асабліва ў розных дыпламатычных прадстаўніцтвах», і запэўнівае ў сваёй малітве за спачылага праз заступніцтва Панны Марыі і св. Францішка Асізскага.

«Пан прыняў яго душу ў вечнае Валадарства святла і супакою», — адзначаецца ў тэлеграме. Папа ўдзяляе благаслаўленне ўсім, хто аплаквае адыход іерарха ў вечнасць.

Кардынал Фартуната Бальдэллі нарадзіўся 6 жніўня 1935 г. у мясцовасці Вальфаббрыка на тэрыторыі дыяцэзіі Асізі (Італія). Святарскае пасвячэнне атрымаў 18 сакавіка 1961 г., пасля чаго тры гады з’яўляўся віцэ-рэктарам духоўнай семінарыі ў Асізі, дзе сам вучыўся раней. У 1964–1966 гг. працягнуў вучобу ў Папскай касцёльнай акадэміі, якая рыхтавала ватыканскіх дыпламатаў. Пасля яе заканчэння распачаў працу ў дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы на Кубе і ў Егіпце. У 1974 г. вярнуўся на працу ў Дзяржаўны сакратарыят Ватыкана, а пасля перайшоў у Раду грамадскіх спраў Касцёла. У 1979 г. быў прызначаны пастаянным наглядальнікам Апостальскай Сталіцы пры Радзе Еўропы ў Страсбургу.

У 1983 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў іерарха Апостальскім дэлегатам у Анголе, а 23 красавіка таго ж года ўдзяліў яму арцыбіскупскую сакру ў базыліцы св. Францішка ў Асізі. З 20 красавіка 1991 г. арцыбіскуп Бальдэллі з’яўляўся Апостальскім нунцыем у Дамініканскай Рэспубліцы, а з 23 красавіка 1994 г. — у Перу. 19 чэрвеня 1999 г. іерарх быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Францыі. 2 чэрвеня 2009 г. папа Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Вышэйшым апостальскім пэнітэнцыярыем.

20 лістапада 2010 г. Святы Айцец уключыў кардынала Бальдэллі ў склад Калегіі Кардыналаў.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.