Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Успаміны Святога Айца пра Другі Ватыканскі Сабор
Святы Айцец
11.10.2012 11:32

«L’Osservatore Romano» апублікавала ўспаміны Святога Айца Бэнэдыкта XVI пра адкрыццё Другога Ватыканскага Сабору. Сённяшні Папа, а тады кс. Ёзаф Ратцынгер, выкладчык тэалогіі ва ўніверсітэце ў Боне, удзельнічаў у Саборы як эксперт і дарадчык кардынала Ёзафа Фрынгса.

Як узгадвае Папа, 11 кастрычніка 1962 г. адзначалася свята Божага Мацярынства Марыі, якое ўстанавіў Пій XI. Ян XXIII абраў гэты дзень пачаткам Сабору, каб даверыць вялікую касцёльную супольнасць мацярынскай дабрыні Марыі і моцна злучыць працу Сабору з таямніцай Хрыста.

Папярэднія Саборы, працягвае Пантыфік, заўсёды склікаліся для вырашэння канкрэтных пытанняў. На гэты ж раз не было асаблівых праблем, якія патрабавалі абмеркавання. Аднак у паветры адчувалася агульнае чаканне чагосьці: «здавалася, што хрысціянства, якое збудавала заходні свет, усё больш страчвае свой уплыў». Яно «выглядала змучаным і здавалася, што будучыня акрэслівае нейкія іншыя духоўныя сілы». Таму было відавочным, што «хрысціянства павінна стаць на грунце сучаснасці, каб сфарміраваць будучыню».

Асноўнай тэмай, піша Папа, была эклезіялогія, якая «павінна была быць паглыблена з пункту гледжання гісторыі збаўлення, трынітарнага і сакрамэнтальнага». Важнай тэмай было і літургічнае аднаўленне, якое пачаў праводзіць яшчэ Пій XII. Значная ўвага ўдзялялася і экуменізму, бо «цяжкасці нацысцкага рэжыму вельмі зблізілі хрысціян — пратэстантаў і католікаў». Французскіх біскупаў цікавіла пытанне збліжэння Касцёла з сучасным светам.

Як адзначае Папа, падчас Сабору іерархі лічылі сябе «вучнямі ў школе Святога Духа і ў школе ўзаемнага супрацоўніцтва, і менавіта праз гэта прызнавалі, што з’яўляюцца слугамі Божага слова». Айцы Сабору «не маглі і не хацелі ствараць новы, іншы Касцёл», але жадалі «глыбока зразумець» Касцёл і веру.

Гэтым «духам Сабору», узгадвае Пантыфік, сапраўды жыў кардынал Фрынгс, які быў «чалавекам вельмі адкрытым і вялікім і ведаў, што толькі вера вядзе на адкрытую прастору, да шырокіх гарызонтаў, недаступных духу пазітывізму». «Магу быць толькі ўдзячны яму за тое, што ўзяў з сабой мяне — наймаладзейшага выкладчыка тэалогіі ва ўніверсітэце ў Боне — як свайго дарадчыка на вялікае пасяджэнне, дазволіўшы мне прабываць у гэтай школе і знутры бачыць шляхі Сабору», — дадае Святы Айцец.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.