Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI урачыста адкрыў Год веры ў Ватыкане
Святы Айцец
11.10.2012 14:38

З удзелам тысяч вернікаў 11 кастрычніка на плошчы Св. Пятра ў Ватыкане адбылася святая Імша пад кіраўніцтвам папы Бэнэдыкта XVI, якой распачаўся Год веры. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел архіепіскап Кентэрберыйскі Роўэн Уільямс, Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей, удзельнікі Сіноду Біскупаў і 14 удзельнікаў Другога Ватыканскага Сабору.

У межах падрыхтоўкі да Імшы вернікі выслухалі фрагменты чатырох канстытуцый Другога Ватыканскага Сабору. Пасля адбылася працэсія на ўспамін аб працэсіі Айцоў Сабору ў 1962 г.

У гаміліі Папа назваў Год веры пілігрымкай па пустынях сучаснага свету, «у якой трэба несці тое, што істотнае», — Евангелле і веру Касцёла. Святы Айцец даручыў Год веры апецы Маці Божай.

Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей, звяртаючыся да ўдзельнікаў Імшы, згадаў, што як студэнт Папскага Усходняга Інстытута дыскутаваў на Саборы з біскупамі і экспертамі і прысутнічаў на некаторых сесіях Сабору. «Гэта быў час абяцанняў і надзей для Каталіцкага Касцёла», — сказаў праваслаўны іерарх. Таксама Патрыярх падзякаваў Богу за выказаны ў саборных дакументах заклік да дыялога абедзвюх Цэркваў і надзею на тое, што «пасля ліквідацыі муру, які падзяляе Касцёл заходні і ўсходні, у рэшце рэшт настане адно прабыванне». «Мая прысутнасць падкрэслівае наша жаданне супольна сведчыць аб евангельскім пасланні збаўлення», — дадаў Патрыярх.

Таксама кіраўнік Канстанцінопальскай Царквы заахвоціў да малітвы за хрысціян Блізкага Усходу.

На заканчэнне святой Імшы папа Бэнэдыкт XVI уручыў пасланне Сабору прадстаўнікам уладаў, навукі, мастацтва, рабочых, жанчын, бедных, хворых і церпячых, моладзі. Такім чынам Пантыфік паўтарыў жэст Паўла VI, які на заканчэнне Другога Ватыканскага Сабору ўручыў прадстаўнікам розных груп Пасланне да народу Божага. Акрамя гэтага, Святы Айцец уручыў спецыяльнае выданне Катэхізіса Каталіцкага Касцёла двум катэхетам.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме