Бэнэдыкт XVI на сустрэчы з удзельнікамі Сабору і старшынямі епіскапатаў: хрысціянства заўсёды маладое | Друк |
Святы Айцец
12.10.2012 14:15

Хрысціянства заўсёды маладое, бо Хрыстус ёсць учора, сёння і назаўсёды. На гэта звярнуў увагу Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у звароце да ўдзельнікаў Другога Ватыканскага Сабору і старшыняў епіскапатаў з розных краін свету. З імі Папа сустрэўся 12 кастрычніка ў Клеменційскай зале Апостальскага палаца.

Па словах Пантыфіка, хрысціянства не павінна лічыцца «чымсьці з мінулага», ім нельга жыць заўсёды скіроўваючы позірк назад, бо «Езус Хрыстус ёсць учора, сёння і назаўсёды». «Хрысціянства заўсёды новае», і мы «не павінны яго бачыць як дрэва, якое цалкам развілася з евангельскага зерня, вырасла, прынесла плёны і аднойчы пастарэла і ідзе да захаду сваёй жыццёвай энергіі». «Хрысціянства — гэта дрэва, якое, калі так можна сказаць, знаходзіцца ў пастаянным світанку, заўсёды маладое», — сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, Другі Ватыканскі Сабор навучыў Касцёл прамаўляць да сучаснага чалавека, а «гэта можа адбыцца толькі праз сілу таго, хто мае глыбокія карані ў Богу, дазваляе Яму весці сябе і жыве ўласнай верай», але не таго, хто «прыстасоўваецца да моманту, які мінае, і хто выбірае самы зручны шлях».

«Святасць паказвае сапраўднае аблічча Касцёла, дазваляе ўвайсці „сёння“ вечнага Бога ў „сёння” нашага жыцця, „сёння” чалавека нашай эпохі», — сказаў Бэнэдыкт XVI. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа адзначыў таксама, што «памяць аб мінулым каштоўная, але ніколі не з’яўляецца мэтай сама па сабе».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by