«L’Osservatore Romano» пра трэцюю частку трылогіі Папы: выраз асабістых шуканняў аўтара | Друк |
Святы Айцец
20.11.2012 20:03

Пра трэцюю кнігу трылогіі папы Бэнэдыкта XVI «Езус з Назарэта», якая была прэзентавана 20 лістапада ў Ватыкане, апавядае ў сваім артыкуле галоўны рэдактар газеты «L’Osservatore Romano» Джаванні Марыя Віян. Журналіст звяртае ўвагу, што кніга — «выраз асабістых шуканняў» аўтара, як напісаў сам Папа.

Джаванні Марыя Віян адзначае, што ў пачатку 60-х гг. ХХ ст. у некаторых асяроддзях экзэгетаў з’явіўся моцны скептыцызм у адносінах да кананічных евангельскіх аповедаў пра дзяцінства Езуса. Асабліва гэта датычыла эпізоду пра трох мудрацоў, пра якіх нават пачалі казаць, што яны не існавалі.

На самой жа справе, падкрэслівае Віян, гэта вельмі каштоўныя тэксты, хоць і складаныя, а для тых, хто іх чытае і вывучае, яны становяцца і свайго роду выклікам. Менавіта яны і разглядаюцца ў кнізе Папы.

Віян тлумачыць таксама сэнс змяшчэння падвойнага імя аўтара кнігі (Ёзаф Ратцынгер і Бэнэдыкт XVI): гэта азначае, што твор Папы — не «павучальная праца», а «выраз асабістых шуканняў». Святы Айцец распачаў напісанне кнігі летам 2003 г., але яна з’яўляецца плёнам усяго яго жыцця.

Фундаментальнае пытанне, якое адкрывае трэцюю частку трылогіі, — гэта пытанне, якое задае Езусу Пілат: «Адкуль Ты?» Менавіта гэтае пытанне, як падкрэслівае Віян, прымушае вырушыць у шлях Трох Каралёў, у якіх Папа бачыць «унутранае чаканне чалавечага духу, рух рэлігіі і чалавечага розуму да Хрыста».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by