Святы Айцец пра абарону каштоўнасці чалавека, уладу і евангелізацыю грамадства | Друк |
Святы Айцец
03.12.2012 14:57

3 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з удзельнікамі пасяджэння Папскай рады «Iustitia et pax», прысвечанага праблеме міжнароднай палітычнай улады. У пасяджэнні прымае ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Хоць у апошні час, як адзначыў Пантыфік, быў дасягнуты вялікі прагрэс у сферы абароны правоў чалавека, «сучасная культура, якая характарызуецца ўтылітарным індывідуалізмам, імкнецца абясцэніць чалавека».

Звяртаючыся да членаў Папскай рады, Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што, хоць сучасны чалавек уключаны ў вялікую сетку адносін і камунікацый, ён «часта здаецца ізаляваным, таму што абыякавы да самых галоўных адносін у сваім існаванні — адносін з Богам, якія з’яўляюцца коранем усіх іншых адносін».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік заўважыў таксама, што сёння чалавек часта разглядаецца выключна ў «біялагічным ключы» ці ў якасці «чалавечага капіталу» або «рэсурсу». З аднаго боку абвяшчаецца яго годнасць, а з іншага — валадараць «геданістычныя і эгаістычныя ідэалогіі».

Святы Айцец заклікаў евангелізаваць грамадскую сферу, дзякуючы чаму можа нарадзіцца новы гуманізм і абноўленая культурная дзейнасць, што дапаможа «скінуць з трону сучасных ідалаў, замяніць індывідуалізм, матэрыялістычнае спажывецтва і тэхнакратыю культурай братэрства, бескарыслівасці і салідарнай любові».

Папа адзначыў, што, калі гаворка ідзе аб неабходнасці новай міжнароднай палітычнай улады, то яна не павінна стаць «звышуладай», якая будзе сканцэнтравана ў руках невялікай колькасці людзей і будзе дамінаваць над народамі.

(AG)

 
© 2003-2020 Catholic.by