Дзіцячая кніга рускай мастачкі пра Папу высока ацэнена ў Ватыкане | Друк |
Святы Айцец
12.12.2012 20:15

«Таямніца невялікай сажалкі» — так называецца дзіцячая кніга рускай мастачкі Наталлі Царковай, якая працуе ў Ватыкане, пра Пантыфіка. «Усё, што ў ёй напісана, — гэта праўда», — так ахарактарызаваў кнігу арцыбіскуп Георг Генсвайн, асабісты сакратар Святога Айца Бэнэдыкта XVI.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, 11 снежня ў рымскім універсітэце «Augustinianum» прайшла прэзентацыя кнігі. У ёй апавядаецца гісторыя маленькай чырвонай рыбкі, якая жыве ў сажалцы садоў Кастэль Гандольфа — летняй рэзідэнцыі Папы. Як расказваецца ў кнізе, падчас малітваў Святы Айцец штодзённа прыходзіць да рыбкі і корміць яе.

«Усё напісанае ў кнізе, (…) прыгожыя ілюстрацыі, распавядаюць аб прыродзе, аб асобе, аб стварэнні», — адзначыў асабісты сакратар Пантыфіка. «Ні для каго не сакрэт, што наш Папа любіць тварэнні прыроды, і чым меншыя яны, тым больш ён іх любіць», — прызнаўся іерарх.

Сакратар Святога Айца рэкамендуе бацькам чытаць гэтую кнігу сваім дзецям, каб такім чынам яны змаглі раскрыць таямніцу служэння Папы. Яны, па словах іерарха, змогуць даведацца, што Пантыфік з’яўляецца вялікім тэолагам, мае выключны інтэлект і вельмі лагодную душу.

Руская мастачка Наталля Царкова жыве ў Італіі другі дзясятак гадоў. Яна стварыла партрэты трох Папаў: Яна Паўла І, Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by