Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец пра веру Марыі
Святы Айцец
19.12.2012 15:28

У сераду 19 снежня Святы Айцец Бэнэдыкт XVI правёў традыцыйную агульную аўдыенцыю. Свае разважанні Пантыфік прысвяціў веры Марыі, зрабіўшы гэта ў кантэксце «вялікай таямніцы Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы».

У катэхезе Папа засяродзіўся на значэнні грэчаскага слова «chaire», прамоўленага Арханёлам да Маці Божай.

«На першы погляд, — заўважыў Пантыфік, — тэрмін „сhaire“, „радуйся“, выглядае як звычайнае прывітанне, якое выкарыстоўвалася ў грэчаскім асяроддзі, але калі чытаць гэтае слова на фоне біблійнай традыцыі, яно ўбірае ў сябе значна больш глыбокі сэнс. У грэчаскай версіі Старога Запавету гэты тэрмін прысутнічае чатыры разы і заўсёды як абвяшчэнне радасці з нагоды прыходу Месіі. Прывітанне анёла ў адрас Марыі з’яўляецца запрашэннем да глыбокай радасці, абвяшчэннем пра канец смутку ў свеце (…) Гэтае прывітанне ўяўляе сабой пачатак Евангелля, добрай навіны», — адзначыў Папа.

Чаму ж Марыі прапануецца радавацца? Адказ на гэтае пытанне, па словах Бэнэдыкта XVI, знаходзім у другой частцы прывітання: «Пан з табой». Радасць паходзіць з ласкі, якая зыходзіць са зносін з Богам, з жыццядайнай сувязі з Ім, ад знаходжання ў Святым Духу, поўнага растварэння ў справе Бога.

Менавіта Марыя дае нам прыклад, як трэба прымаць Божую волю, нават калі яна таямнічая, часта не адпавядае нашай волі і пранікае ў душу, як меч.

Бэнэдыкт XVI засяродзіўся яшчэ на адным аспекце, звязаным ужо з дзяцінствам Езуса, «калі Марыя і Юзаф прынеслі Яго ў Ерузалем, у святыню, каб ахвяраваць Пану».

«Гэты жэст Святой Сям’і з Назарэта набывае больш глыбокі сэнс, — лічыць Папа, — калі чытаецца ў святле евангельскіх ведаў пра дванаццацігадовага Езуса, якога пасля трох дзён пошукаў знаходзяць у святыні размаўляючым з настаўнікамі. Ён уражвае сваімі словамі: „Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?” І тут „Марыя зноў павінна аднавіць глыбокую веру, з якой яна сказала „так” падчас Звеставання, павінна прызнаць, што Езус мае сапраўднага Айца, павінна быць у стане вызваліць Сына, які быў народжаны для сваёй місіі. І „так” Марыі адносна Божай волі, паслухмянасць веры, паўтараецца на працягу ўсяго яе жыцця, да самага цяжкага моманту — Крыжа».

На думку Папы, менавіта глыбокі і асабісты дыялог са словам Божым дапамог Марыі захаваць сваю веру ў самых складаных абставінах.

Напрыканцы аўдыенцыі, як паведамляе Ватыканскае радыё, Папа заахвоціў усіх, асабліва напярэдадні Божага Нараджэння, «жыць такой жа пакорай і паслухмянасцю веры, як Марыя».

(SZh)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.