Папа ў вігілію Божага Нараджэння: калі гасіцца Божае святло, таксама згасае чалавечая годнасць | Друк |
Святы Айцец
26.12.2012 11:41

Пра тое, што хрысціяне павінны прытрымлівацца прыкладу Езуса ў пабудове міру ва ўсім свеце, нагадаў Папа падчас святой Імшы ў вігілію Божага Нараджэння, у базыліцы св. Пятра. Таксама Пантыфік заклікаў да міру на Святой Зямлі, што асабліва актуальна для горада, дзе нарадзіўся Хрыстус, Бэтлеема. У літургіі ў Ватыкане ўдзельнічалі 10 тысяч вернікаў.

«Трэба маліцца, каб ізраільцяне і палесцінцы маглі развіваць сваё жыццё у спакоі адзінага Бога і свабодзе», — сказаў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. Папа заклікаў да міру таксама ў суседніх краінах: Ліване, Сірыі і Іраку. Бэнэдыкт XVI выказаў надзею, што хрысціяне ў месцах, дзе нарадзілася іх вера, будуць мець магчымасць жыць далей і будаваць разам з мусульманамі свае краіны ў «Божым міры».

На месца ўзбраенняў, па словах Пантыфіка, павінна прыйсці дапамога церпячым. Святы Айцец нагадаў, што «з хвалой Бога на набёсах звязаны супакой паміж людзьмі на зямлі», а «там, дзе Богу не аддаюць хвалы, дзе аб Ім забываюцца або нават не прызнаюць, міру няма». «Распаўсюджаныя сёння інтэлектуальныя плыні сцвярджаюць адваротнае: рэлігіі, асабліва монатэізм, былі, маўляў, прычынай насілля і войнаў у свеце; трэба спачатку вызваліць чалавецтва ад рэлігіі, каб затым пабудаваць свет», — адзначыў Папа. «Хоць бясспрэчнымі ў гісторыі застаюцца некаторыя факты злоўжывання рэлігіяй, аднак гэта няпраўда, што адмова ад Бога верне мір. Калі гасіцца Божае святло, таксама згасае дадзеная Богам чалавечая годнасць», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI, адказваючы на сучасныя закіды ў бок рэлігіі, і дадаў, што з веры ў Бога неаднаразова зыходзілі «паяднанне і дабрыня».

Таксама Папа перасцярог ад ігнаравання Бога ў жыцці. Па словах Святога Айца, логіка мыслення сучаснага чалавека пабудавана такім чынам, быццам Бог, на самой справе, існаваць не павінен. «Нават калі Ён стукаецца ў дзверы нашага розуму, Яго не прымаюць з дапамогай любых аргументаў. Каб нейкая думка лічылася значнай, яна павінна быць сканструявана такім чынам, каб зрабіць лішняй „гіпотэзу Бога”. Няма для Яго месца, — дадаў са шкадаваннем Святы Айцец. — Нашы жаданні абмяжоўваюцца самімі намі, мы жадаем рэчаў, да якіх можна дакрануцца, адчувальнага шчасця, поспеху ў нашых асабістых планах і намерах. Мы цалкам „запоўнены” самімі сабой, так, што няма больш месца для Бога». Паводле Пантыфіка, менавіта таму ў сэрцы сучаснага чалавека няма месца і для дзяцей, і для бедных, і для іншаземцаў.

На думку Бэнэдыкта XVI, «навяртане, якога мы патрабуем, павінна дасягнуць глыбіні нашых адносін з рэальнасцю». Папа заклікаў маліцца, каб у нашых сэрцах існавала прастора для Бога, які прыходзіць у сваім Сыне, каб такім чынам мы змаглі прызнаць Яго ў тых, «праз якіх Ён да нас звяртаецца: дзецях, церпячых і пакінутых, неабароненых і бедных гэтага свету».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by