Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«L’Osservatore Romano»: пытанні Бога, чалавека і міру — у цэнтры прамоваў Папы
Святы Айцец
08.01.2013 12:13

Пытанні Бога і чалавека, які шукае сэнс жыцця і мір у свеце, дзе пануюць канфлікты, — «чырвоная нітка» прамоваў Святога Айца на працягу апошніх тыдняў. Аб гэтым піша ў газеце Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» яе рэдактар Джаванні Марыя Віян.

Па словах журналіста, канец года з’яўляецца для Папы нагодай, каб звярнуцца да вернікаў і ўсяго свету. Бэнэдыкт XVI, падкрэслівае Віян, імкнецца казаць сучаснаму чалавеку пра пытанне Бога. Гэтая тэма гучала ў прамовах Пантыфіка да Рымскай Курыі, у гаміліі на Божае Нараджэнне, у пасланні «Urbi et Orbi», у звароце да ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы моладзі, у гаміліі падчас удзялення біскупскай сакры 6 студзеня.

«Біскуп Рыма добра ведае і паўтарае, што забыццё пра Бога (…) нараджае насілле», — піша Джаванні Марыя Віян. У гэтым кантэксце Папа часта нагадвае пра рэлігійны фанатызм, пра пакуты Сірыі і неабходнасць міру для ізраільцян і палесцінцаў.

Вялікую ўвагу, як адзначае рэдактар газеты, Пантыфік прысвячае Афрыцы, пра якую часта забываюць міжнародныя сродкі масавай інфармацыі. Святы Айцец нагадвае і пра іншыя дзве падзеі, недастаткова асветленыя ў СМІ: падпісанне «Сумеснага паслання народам Расіі і Польшчы» Патрыярхам Кірылам і арцыбіскупам Юзафам Міхалікам і пагадненне аб міры на Філіпінах.

Для Папы вельмі важныя таксама павага да жыцця кожнага чалавека, пытанні эўтаназіі, абортаў, свабоды веравызнання, — дадае Віян. А сінтэзам усяго гэтага можна назваць словы св. Ірынея: «Хвала Бога — гэта жывы чалавек».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.