Святы Айцец сустрэўся з экуменічнай дэлегацыяй Фінляндыі | Друк |
Святы Айцец
18.01.2013 11:27

17 студзеня папа Бэнэдыкт XVI прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю Фінляндыі. Дэлегацыя прыбыла ў Апостальскую Сталіцу з нагоды свята св. Генрыха, апекуна краіны.

Святы Айцец адзначыў, што ў гэтым годзе візіт прадстаўнікоў Фінляндыі ў Вечны горад адбываецца перад пачаткам Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў, тэма якога сёлета — «Чаго Пан чакае ад цябе?» на аснове фрагменту кнігі прарока Міхея (пар. Міх 6, 6–8). Адказ на гэтае пытанне, па словах Папы, заключаецца ў паслухмянасці Богу і даверу Яго міласэрнаму плану, што павінны праяўляцца не толькі ў нашым жыцці верай, але і ў «экуменічным падарожжы да поўнага і бачнага адзінства ўсіх хрысціян».

У гэтым экуменічным падарожжы, дадаў Пантыфік, трэба быць «яшчэ больш з’яднанымі ў малітве, яшчэ больш імкнуцца да святасці, яшчэ больш удзельнічаць у служэнні на карысць справядлівага і братэрскага грамадства». Яднаючыся з Богам і нашымі братамі ў любові, мы «будзем прыняты Панам і атрымаем Духа Святога, які аднаўляе нашы сэрцы».

Як інфармуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, Бэнэдыкт XVI выказаў надзею, што візіт у Рым экуменічнай дэлегацыі Фінляндыі ўмацуе сувязі паміж хрысціянскімі канфесіямі ў гэтай краіне. Папа пажадаў, каб усе фінляндскія хрысціяне былі святлом Евангелля ў сучасным грамадстве.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by