Арцыбіскуп Мюлер: пасланне кнігі Папы — у тым, што Бога можна пазнаць у свеце | Друк |
Святы Айцец
19.01.2013 12:31

Адным з пасланняў апошняй кнігі трылогіі Бэнэдыкта XVI «Езус з Назарэта», прысвечанай дзяцінству Езуса, з’яўляецца перакананне, што Бога можна пазнаць у свеце і ў гісторыі, — адзначае прэфект Кангрэгацыі Веравучэння арцыбіскуп Герхард Мюлер у газеце Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano».

Чалавек заўсёды адкрыты для трансцэндэнтнага ў кожнай рэальнасці, перакананы прэфект кангрэгацыі і вядомы тэолаг. Па словах арцыбіскупа, на старонках сваёй кнігі Святы Айцец пераканаўча заяўляе, што «ўцелаўленне Слова і зачацце Езуса як чалавека ад Духа Святога — не міф і тым больш не біялагічны рарытэт, але гістарычная праўда». Для таго, хто верыць, што Бог мае ўладу над матэрыяй, не з’яўляецца складаным «разумна верыць» ва ўцелаўленне Слова, ва ўваскрасенне Хрыста і перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Пана ў таямніцы алтара.
 
Як інфармуе Ватыканскае радыё, арцыбіскуп Мюлер адзначыў, што часта людзі, якія адмаўляюць факт, што Хрыстус нарадзіўся з Панны Марыі, баяцца прызнаць, што Бог можа быць настолькі блізкі да людзей. Рэцэптам на гэты комплекс, на думку тэолага, можа быць толькі любоў: калі такі чалавек пазнае любоў Бога, страхі і асцярогі знікаюць. Менавіта гэта, на думку прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, — адно з самых галоўных пасланняў кнігі Папы.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by