Пантыфік сустрэнецца з камуністычным лідарам В’етнама | Друк |
Святы Айцец
21.01.2013 15:19

22 студзеня Бэнэдыкт ХVI прыме Генеральнага сакратара камуністычнай партыі В’етнама Нгуэна Фу Чонга. Звычайна Святы Айцец прымае на аўдыенцыях кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, палітычных лідараў — рэдка.

Нгуэну Фу Чонгу 68 гадоў. Генсекам быў абраны ў 2011 г.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, В’етнам ніколі ў сваёй гісторыі не падтрымліваў поўных адносін з Апостальскай Сталіцай. З 1925 года ў Ханоі існавала Апостальская дэлегатура, якая не мела дыпламатычнага статусу. Пасля таго, як яе супрацоўнікі пад ціскам паўночна-в’етнамскіх камуністычных уладаў былі вымушаны пакінуць Ханой, у 1957 г. дэлегатура пачала сваю працу на поўдні краіны, у Сайгоне. Пасля заканчэння в’етнамскай вайны і захопу паўднёвага В’етнама камуністамі дэлегатура на доўгі час пакінула краіну.

Толькі ў 2011 годзе пасля шматлікіх сустрэч было вырашана, што Ватыкан прызначыць свайго пастаяннага прадстаўніка па адносінах з гэтай краінай, які будзе мець сваю сядзібу па-за межамі В’етнама. Гэтую функцыю Бэнэдыкт ХVI даручыў арцыбіскупу Леапольду Джырэллі.

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by