Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Вялікі пост: хрысціянін адкрыты любові да бліжняга, таму што яго пакарыла любоў Хрыста
Святы Айцец
02.02.2013 20:39

Пра «непарыўнае перапляценне» веры і міласэрнасці кажа папа Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Вялікі пост, апублікаваным 31 студзеня. Святы Айцец заклікае вернікаў у кожнай справе міласэрнасці быць адлюстраваннем любові Хрыста да чалавека.

У пасланні Папа нагадвае: хрысціянін любіць бліжняга таму, што адчуў на сабе любоў Хрыста, і менавіта пра гэтую любоў ён павінен сведчыць перад іншымі. Услед за апосталам Паўлам Бэнэдыкт XVI разважае ў дакуменце аб правільных суадносінах паміж верай і міласэрнасцю і аб неабходнасці пазбягаць дамінавання аднаго над іншым. Па словах Святога Айца, якія прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, вера і міласэрнасць — непарыўна пераплеценыя цноты, і таму няправільна супрацьпастаўляць іх.

З аднаго боку, адзначае Папа, «моцна абмяжоўвае сябе той, хто ставіць асноўны акцэнт на прыярытэце і галоўнай ролі веры, але пры гэтым недаацэньвае і амаль пагарджае канкрэтнымі справамі міласэрнасці, зводзячы іх на сферы агульнага гуманізму». Але з іншага боку памылкова «сцвярджаць перабольшаную перавагу міласэрнасці і яе дзейнасці, лічачы, што справы могуць замяніць сабой веру». Пантыфік дадае, што для «здаровага духоўнага жыцця неабходна пазбягаць як фідэізму, так і маралісцкага актывізму».

У пасланні падкрэсліваецца, што хрысціянін — гэта чалавек, якога пакарыла любоў Хрыста, таму ён «шырока адкрыты любові да бліжняга». Хрысціянскае жыццё, па словах Папы, — «няспыннае ўзыходжанне на гару сустрэчы з Богам, каб затым сысці ўніз, прыносячы з сабой любоў і моц, якія сыходзяць ад Пана». Гэтыя дары прызначаны для служэння нашым братам і сёстрам з той жа Божай любоўю.

Як адзначае Пантыфік, самай вялікай справай міласэрнасцю для хрысціяніна з’яўляецца евангелізацыя, значыць «служэнне Слова». Чынячы справы міласэрнасці, хрысціянін ведае, што плён прыносяць не столькі яго ўласныя намаганні, колькі «збаўчая ініцыятыва», якая сыходзіць ад Бога. Усё гэта, дадае Папа, не абмяжоўвае нашу свабоду і адказнасць, а робіць іх сапраўднымі і арыентуе на справы міласэрнасці.

У заключэнне паслання Святы Айцец робіць выснову, што бяздзейсная вера падобна да няплоднага дрэва. Калі ж вера дае нам зразумець праўду пра Хрыста як пра ўцелаўлёную і ўкрыжаваную Любоў, то справы міласэрнасці дапамагаюць пранікнуць у гэтую любоў і пабуджаюць да поўнай самаахвярнасці.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.