Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Тарчызіо Бэртонэ да Папы: дзякуем за прыклад простага і пакорнага працаўніка ў вінаградніку Пана
Святы Айцец
14.02.2013 10:34

«Дзякуем за прыклад простага і пакорнага працаўніка ў вінаградніку Пана, працаўніка, які ўмеў кожную хвіліну рабіць тое, што найважнейшае: несці Бога людзям і весці людзей да Бога», — такімі словамі падзякаваў Святому Айцу Бэнэдыкту XVI Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ падчас святой Імшы ў Папяльцовую сераду, 13 лютага.

Кардынал дадаў, што не толькі Касцёл, але і ўвесь свет прыняў вестку аб рашэнні Пантыфіка скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра з глыбокім узрушэннем і вялікай павагай. «Аднак трэба заўважыць, што нашы сэрцы перапоўнены смуткам», — сказаў іерарх, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Кардынал падкрэсліў, што навучанне Бэнэдыкта XVI «было акном, адкрытым на Касцёл і свет, праз якое пранікалі прамяні праўды і любові Бога, каб даць святло і цеплыню на нашым шляху, асабліва ў хвіліны, калі хмары збіраліся на небе». Па словах іерарха, менавіта глыбокая любоў да Бога і Касцёла пабудзіла Папу прыняць гэтае рашэнне, якое выяўляе «чыстасць духу», «пакору і лагоднасць разам з вялікай адвагай, якой адрозніваецца кожны крок жыцця і служэння» Пантыфіка.

Імша ў Папяльцовую сераду стала апошняй літургічнай цэлебрацыяй, якую ўзначаліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.