Бэнэдыкт ХVI пра значэнне сельскай гаспадаркі і падтрымку земляробаў | Друк |
Святы Айцец
14.02.2013 11:11

На значэнне сельскай гаспадаркі для эканамічнага росту і патрэбу рэформ у ёй звярнуў увагу Бэнэдыкт ХVI у звароце да ўдзельнікаў 36-й сесіі Міжнароднага фонду сельскагаспадарчага развіцця. Працы гэтай арганізацыі, якая займаецца мабілізацыяй фінансавых рэсурсаў у мэтах павелічэння вытворчасці прадуктаў харчавання і паляпшэння становішча бедных груп насельніцтва, праходзяць у Рыме 13–14 лютага.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа выказаў удзячнасць фонду за яго барацьбу з голадам і намаганні па забеспячэнні харчовай бяспекі. Святы Айцец высока адзначыў ініцыятывы фонду, які аказвае фінансавую дапамогу дробным фермерам і карэннаму насельніцтву.

Пантыфік заклікаў, каб фінансавыя праекты арганізацыі ў бедных краінах адпавядалі інтарэсам сельскай гаспадаркі і спрыялі ўстойліваму развіццю. «Такі падыход, які прызнае сельскую гаспадарку ў якасці асноўнага фактару эканамічнага росту і сацыяльнага прагрэсу, забяспечыць сельскай гаспадарцы і сялянам месца ў грамадстве, якое яны заслугоўваюць», — адзначыў Папа.

Бэнэдыкт ХVI падкрэсліў, што Касцёл заўсёды ставіцца з павагай да працы земляробаў, якія ўносяць уклад у развіццё сваіх супольнасцяў і грамадстваў. Пантыфік нагадаў, што ААН прыняла рашэнне прысвяціць 2014 год сельскагаспадарчым сем’ям, надаючы такім чынам асаблівую ўвагу гэтай фундаментальнай ячэйцы грамадства, і выказаў пажаданне, каб міжнародная дапамога больш адпавядала сапраўдным патрэбам тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by