Папа да прадстаўнікоў фонду «Pro Petri Sede»: вера і міласэрнасць узаемазвязаны | Друк |
Святы Айцец
15.02.2013 16:17

15 лютага Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі бельгійскага дабрачыннага фонду «Pro Petri Sede». Падчас сустрэчы Папа адзначыў, што міласэрнасць, калі яна рэалізуецца ў хрысціянскім духу, нясе не толькі канкрэтную дапамогу патрабуючым, але таксама любоў і дабрыню Бога.

Навучыцца такой міласэрнасці можна дзякуючы веры, аб якой і паразважаў Бэнэдыкт XVI. «Вера — гэта жывая рэальнасць, якая павінна пастаянна адкрывацца і паглыбляцца, каб узрастаць. Менавіта яна павінна кіраваць позіркам і дзейнасцю хрысціяніна. Тут гаворка ідзе пра новы крытэрый свядомасці і дзейнасці, які змяняе жыццё чалавека», — сказаў Святы Айцец, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Паводле Бэнэдыкта XVI, вера асвятляе жыццё і розныя яго аспекты з іншай перспектывы, і гэта значыць, што таксама і сведчанне хрысціянскай міласэрнасці павінна абапірацца на гэтае ўнутранае святло. «Вера без міласэрнасці не прынясе плёну, і міласэрнасць без веры будзе толькі пачуццём, пастаянна напоўненым сумнівамі. Вера і міласэрнасць узаемазвязаны, так, што адна дапамагае другой спаўняцца», — адзначыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што матэрыяльная дапамога, хоць і з’яўляецца неабходнай, не адлюстроўвае поўнага значэння міласэрнасці. Апошняя, паводле Святога Айца, з’яўляецца ўдзелам у ахвяраванай і раздзеленай з іншымі любові Хрыста. «Сапраўдная міласэрнасць – гэта канкрэтная праява любові Бога да людзей», — сказаў Пантыфік і дадаў, што ў такім выпадку яна становіцца абвяшчэннем Евангелля.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by