Бэнэдыкт XVI да кардыналаў: хачу пакінуць вам простую думку пра Касцёл | Друк |
Святы Айцец
28.02.2013 14:44

28 лютага папа Бэнэдыкт XVI сустрэўся ў Клементыйскай зале Апостальскага палацу з кардыналамі, прысутнымі ў Рыме. Святы Айцец сардэчна развітаўся з кожным іерархам, а таксама падзякаваў кардыналу Анджэла Садана, дэкану Калегіі кардыналаў, за яго зварот.

Папа прызнаўся, што на працягу ўсяго Пантыфікату блізкасць і парады кардыналаў былі вялікай падтрымкай для яго. «Мы стараліся служыць Хрысту і Яго Касцёлу з глыбокай і адданай любоўю, якая з’яўляецца сутнасцю нашага служэння. Мы неслі надзею, якой адарыў нас Хрыстус і якая адзіная можа асвятляць шлях. Мы можам разам дзякаваць Пану, які ўчыніў, што мы ўзрасталі ў адзінстве, можам разам маліцца Яму, каб Калегія кардыналаў была нібыта аркестр, дзе разнастайнасць, будучы выразам паўсюднага Касцёла, спрыяла заўсёды яшчэ большай гармоніі», — сказаў Святы Айцец.

«Я хацеў бы пакінуць вам простую думку, блізкую майму сэрцу, думку пра Касцёл, яго таямніцы, якія з’яўляюцца для нас усіх сэнсам і агнём жыцця», — дадаў Папа. Пантыфік нагадаў, што Касцёл — жывое цела, якое ажыўляе Дух Святы і якое жыве дзякуючы моцы Бога, якое знаходзіцца ў свеце, але не з гэтага свету. Касцёл, па словах Пантыфіка, жыве і расце ў душах, якія, як Панна Марыя, прымаюць Божае слова. Праз пасрэдніцтва Касцёла «таямніца Уцелаўлення прысутнічае заўсёды, і Хрыстус далей крочыць праз усе часы і месцы».

«Дарагія браты, мы застаемся з’яднанымі ў гэтай таямніцы, у малітве, а асабліва ў штодзённай Эўхарыстыі, і такім чынам служым Касцёлу і ўсяму чалавецтву, — падкрэсліў Святы Айцец, звяртаючыся да кардыналаў. — Гэта наша радасць, якой у нас ніхто не можа адабраць».

«Я надалей буду побач з вамі ў малітве, асабліва ў бліжэйшыя дні, каб вы былі поўнасцю паслухмяныя дзеянню Духа Святога, выбіраючы новага Папу. Няхай Пан укажа вам таго, каго Ён жадае. Сярод вас, у Калегіі кардыналаў, ёсць новы Папа, якому ўжо сёння я абяцаю маю пашану і паслухмянасць», — сказаў Бэнэдыкт XVI.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by