Бэнэдыкт XVI: хацеў бы ўсімі сіламі служыць дабру Касцёла і чалавецтва | Друк |
Святы Айцец
01.03.2013 12:56

Увечары 28 лютага, прыбыўшы ў Кастэль Гандольфа, Бэнэдыкт XVI прывітаў вернікаў з акна Апостальскага палацу і звярнуўся да іх з кароткай прамовай, якая стала апошнімі словамі яго Пантыфікату.

«Дарагія сябры, я цешуся, што магу быць з вамі, атачоны прыгажосцю стварэння і вашай любоўю, якая з’яўляецца для мяне вялікім падмацаваннем, — адзначыў Папа Рымскі на пенсіі. — Дзякую вам за вашу прыхільнасць і любоў. Вы бачыце, што мой сённяшні дзень ужо іншы, чым усе папярэднія: з 20 гадзін я ўжо не з’яўляюся Папам, найвышэйшым кіраўніком Каталіцкага Касцёла. З гэтага часу я буду ўжо толькі пілігрымам, які распачынае апошні этап сваёй зямной вандроўкі».

«Хацеў бы, аднак, з усяго сэрца, усёй душы, сваёй любоўю і малітвай, роздумам і ўсімі ўнутранымі сіламі служыць супольнаму дабру, дабру Касцёла і чалавецтва, — дадаў Бэнэдыкт XVI. — Прыхільнасць, якую вы мне аказваеце, з’яўляецца для мяне вялікай падтрымкай. Будзем жа ісці наперад, кіруючыся дабром Касцёла і дабром свету».

Затым Рымскі Пантыфік на пенсіі ўдзяліў сабраным благаслаўленне.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by