«L’Osservatore Romano»: вялікі Пантыфікат сціплага Папы | Друк |
Святы Айцец
01.03.2013 13:20

Пра веліч незвычайнага Пантыфікату Бэнэдыкта XVI піша ў новым нумары газеты «L’Osservatore Romano» яе галоўны рэдактар Джаванні Марыя Віян. Па словах аўтара, гэты Біскуп Рыма «новым чынам» застаецца каля ўкрыжаванага Пана, якога ніколі не пакідаў на працягу свайго доўгага і вельмі плённага жыцця.

«Бэнэдыкт застаецца ў Касцёле, каля Наступніка Пятра, які будзе абраны кардыналамі», — піша рэдактар ватыканскага выдання. Віян нагадвае, што восем гадоў таму на плошчы Святога Пятра, перапоўненай людзьмі, Бэнэдыкт XVI прамовіў такія словы: «Пане, чаму Ты ад мяне гэтага жадаеш і чаго ад мяне жадаеш?» Гэта было пытанне, якое «нарадзілася ў яго сэрцы і пасля знайшло першы адказ на вуснах Папы, калі ён сказаў падчас інаўгурацыйнай Імшы, што яго праграма — услухоўвацца штодзённа, разам з Касцёлам, у волю Пана». І «на працягу 8 гадоў Хрыстус кіраваў Папам», які «належаў усім, і многія людзі адчувалі ў ім блізкасць».

Па словах Віяна, гэтая блізкасць пацвердзілася 11 лютага, калі Бэнэдыкт XVI абвясціў сваё рашэнне, «веліч якога ацэніць гісторыя». Аўтар артыкула нагадаў, што ў размове з нямецкім журналістам Пэтэрам Зеевальдам Пантыфік казаў, што на працягу стагоддзяў «вялікія Папы перапляталіся з малымі Папамі», і сам ён адчувае сябе менавіта малым Папам, прыладай у руках Бога. Але «менавіта таму не толькі католікі, але вялікая колькасць мужчын і жанчын усяго свету ўсё лепш разумелі, што бачаць перад сабой аднаго з вялікіх Папаў, вялікага чалавека нашых часоў».

Віян падкрэслівае, што рашэнне Папы адысці ў адстаўку «паказала ўсім лагодную, але нязломную адвагу гэтага чалавека».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by