Трэцяя агульная кангрэгацыя прайшла ў Апостальскай Сталіцы | Друк |
Святы Айцец
05.03.2013 16:18

5 сакавіка ў Апостальскай Сталіцы адбылася трэцяя агульная кангрэгацыя. Як паведаміў па яе выніках кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, дата пачатку канклаву пакуль застаецца невядомай.

Святар адзначыў, што іерархі імкнуцца вырашыць, колькі часу спатрэбіцца на належную падрыхтоўку да канклаву. Таксама кардыналы скіравалі ліст да Рымскага Пантыфіка на пенсіі Бэнэдыкта XVI з падзякай за служэнне Наступніка Пятра. На ўчарашняй кангрэгацыі ў другой палове дня выступіў прапаведнік Папскага дому айцец Раньера Канталамеса і 9 кардыналаў. Акрамя гэтага, было вырашана, што цяпер кангрэгацыі будуць праходзіць толькі раз у дзень раніцай, а не два разы, як было ў першы дзень.

У сённяшнім пасяджэнні, як паінфармаваў кс. Ламбардзі, удзельнічалі 148 кардыналаў, і прагучалі выступленні 11 з іх. Выступленні датычылі дзейнасці асобных ведамстваў Апостальскай Сталіцы, адносін з епіскапатамі, аднаўлення Касцёла ў святле Другога Ватыканскага Сабору, сітуацыі Касцёла і патрабаванняў новай евангелізацыі.

Па інфармацыі Ватыканскага радыё, ксёндз Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў таксама, што сёння пачалася падрыхтоўка Сікстынскай капэлы да канклаву, у сувязі з чым яна ў гэты час не будзе даступна для турыстаў.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by