Дырэктар Ватыканскага выдавецтва: Бэнэдыкт XVI — вялікі тэолаг з энцыклапедычнымі ведамі | Друк |
Святы Айцец
11.03.2013 14:34

Бэнэдыкт XVI здолеў змяніць рэлігійную мову, зрабіўшы яе больш актуальнай, непасрэднай і зразумелай, — падкрэсліў дырэктар Ватыканскага выдавецтва кс. Джузэпэ Коста ў інтэрв’ю агенцтву італьянскага епіскапату. Па словах святара, Рымскі Пантыфік на пенсіі заслугоўвае Нобелеўскай прэміі па літаратуры.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, дырэктар выдавецтва, гаворачы пра недапісаную Пантыфікам энцыкліку аб веры, выказаў гіпотэзу, што яна можа быць выдадзена ў якасці кнігі, і выдавецтва заўсёды адкрытае на тое, каб яе апублікаваць.

«Тэалагічная і культурная веліч Бэнэдыкта XVI не паддаецца вымярэнню. Ён адзін з самых вялікіх тэолагаў старой закалкі, з энцыклапедычнымі ведамі. Зараз лёгка знайсці добрых тэолагаў, але, канешне, не такой велічыні», — сказаў святар і паведаміў таксама, што ў бліжэйшы час у Ватыканскім выдавецтве рыхтуюцца да выдання катэхезы Бэнэдыкта XVI аб Годзе веры і кніга «У палёце з папам Бэнэдыктам», у якой будуць сабраны інтэрв’ю Пантыфіка, дадзеныя журналістам падчас пералётаў у рамках яго падарожжаў.

(AG)

 
© 2003-2020 Catholic.by