Папа Францішак: пачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові | Друк |
Святы Айцец
13.03.2013 23:11

Вечарам 13 сакавіка, у хуткім часе пасля свайго абрання, папа Францішак (кардынал Хорхе Марыа Берголіа) з’явіўся ў лоджыі ватыканскай базылікі, каб прывітаць вернікаў і ўдзяліць ім сваё першае Апостальскае благаслаўленне «Urbi et Orbi». Таксама Пантыфік звярнуўся да сабраных вернікаў з прамовай.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік пажартаваў, што, каб «даць Рыму Біскупа (...), браты-кардыналы скіраваліся аж на край свету», падзякаваў жыхарам Вечнага Горада за адкрытасць і заклікаў памаліцца за Папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI. Пасля разам з усімі новаабраны Папа прамовіў малітвы «Ойча наш», «Вітай, Марыя» і «Хвала Айцу».

Пасля малітвы Святы Айцец адзначыў, што з гэтага дня пачынаецца шлях супрацоўніцтва, братэрства і любові паміж ім і народам. Папа заклікаў маліцца, каб ва ўсім свеце настала сапраўднае братэрства. Пантыфік папрасіў таксама ў цішыні памаліцца за яго. Пасля ён удзяліў сабраным благаслаўленне і прызнаўся, што заўтра накіруецца памаліцца да Найсвяцейшай Панны Марыі. «Дзякуй за вашу адкрытасць. Маліцеся за мяне і да хуткай сустрэчы. Добрай ночы і добрага адпачынку», — сказаў на развітанне папа Францішак.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by