Папу Францішка называлі «кардыналам бедных» | Друк |
Святы Айцец
14.03.2013 10:58

Кардынал Хорхе Марыа Берголіа — не толькі першы аргенцінец і прадстаўнік Лацінскай Амерыкі на Святым Пасадзе: ён вядомы яшчэ і як «кардынал бедных». Яго суайчыннікі падкрэсліваюць сціпласць новага Пантыфіка і яго блізкасць да людзей.

Пра гэта сведчыць тое, што ў сваім родным Буэнас-Айрэсе ён часта карыстаўся грамадскім транспартам, а не лімузінам. Папа Францішак паходзіць з сям’і італьянскага эмігранта, у якой было пяцёра дзяцей. Таксама пра новага Папу вядома, што ён, ужо будучы іерархам, жыў у маленькай сціплай кватэры і сам гатаваў сабе ежу.

Новы Папа свабодна гаворыць на іспанскай, італьянскай і нямецкай мовах. Выкладаў літаратуру, філасофію і тэалогію. Пэўны час жыў у Іспаніі і Германіі. Пра яго асобу шмат кажа і ўчынак 2001 года, калі ў адным з хоспісаў іерарх мыў ногі людзям, хворым на СНІД.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by