У Папы застануцца яго ранейшыя герб і дэвіз | | Друк | |
Святы Айцец |
18.03.2013 18:53 |
Папа Францішак вырашыў пакінуць у якасці свайго герба той, які меў будучы арцыбіскупам. Дэвіз Пантыфіка таксама застанецца ранейшым — «Miserando atque eligendo». Як інфармуе Ватыканскае радыё, герб сённяшняга Папы выглядае так: у цэнтры блакітнага шчыта — манаграма Езуса Хрыста, прадстаўленая ў тыповай для Ордэна езуітаў графічнай форме — у выглядзе сонца, на якім размешчаны літары «IHS». Літара «H» увенчана крыжам, пад ёй — выява трох цвікоў. У ніжняй частцы герба размешчаны выявы зоркі і гронкі вінаграду. Зорка, паводле старадаўняй геральдычнай традыцыі, сімвалізуе Панну Марыю, Маці Хрыста і Касцёла, а гронка вінаграду — св. Юзафа, апекуна Паўсюднага Касцёла. У іспанскай іканаграфіі ён часта прадстаўляецца менавіта з вінаграднай гронкай у руках. Змяшчаючы гэтыя выявы на сваім гербе, Папа Францішак выражае сваю асаблівую пашану і любоў да Панны Марыі і св. Юзафа. Гербавы шчыт увенчаны сімваламі папскай годнасці, аўтэнтычнымі тым, якія ўпрыгожвалі герб Бэнэдыкта XVI, — гэта значыць без тыяры, але з мітрай, двума ключамі — залатым і сярэбраным, і чырвонай вяроўкай. (AG) |