Папа Францішак сустрэўся з Бэнэдыктам XVI | Друк |
Святы Айцец
23.03.2013 17:58

Папа Францішак сустрэўся з Бэнэдыктам XVI у Кастэль Гандольфа, дзе зараз прабывае Пантыфік на пенсіі. 23 сакавіка ў 11.45 Святы Айцец пакінуў Дом св. Марты і накіраваўся ў бок ватыканскай верталётнай пляцоўкі, з якой вылецеў неўзабаве пасля поўдня ў бок летняй рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, пасля 20-хвіліннага пералёту верталёт з папам Францішкам прызямліўся ў геліпорце Папскіх віл у Кастэль Гандольфа, дзе Бэнэдыкт XVI прывітаў новаабранага Пантыфіка. Побач з Папам на пенсіі прысутнічалі біскуп Альбана Марчэла Сэмерара і дырэктар Папскіх віл Саверыа Петрыла.

Папа Францішак і Бэнэдыкт XVI пераехалі разам на машыне ў Апостальскі палац для прыватнай сустрэчы, якая прайшла ў бібліятэцы. Пасля адбыўся супольны абед.

У другой палове дня папа Францішак скіраваўся на верталётную пляцоўку Папскіх віл у Кастэль Гандольфа, адкуль вярнуўся ў Ватыкан.

Сустрэча, хоць мела прыватную форму, стала выключнай у гісторыі Касцёла. Ёй папа Францішак выказаў любоў і ўдзячнасць усяго Касцёла Бэнэдыкту ХVI, а Пантыфік на пенсіі паказаў глыбокую павагу і любоў да свайго наступніка. Выключнасць сустрэчы заключалася таксама і ў тым, што яна адбывалася без пратаколу, па-братэрску, што падкрэсліў Святы Айцец, звяртаючыся ў капліцы Апостальскага палаца да Бэнэдыкта ХVI: «Мы браты».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by