Папа пажадаў, каб Імша Вячэры Пана ў рымскай калоніі была вельмі простай | Друк |
Святы Айцец
26.03.2013 19:28

Папа Францішак пажадаў, каб Імша Вячэры Пана, якая адбудзецца ў Вялікі чацвер, 28 сакавіка, у рымскай калоніі для непаўналетніх «Casal del Marmo», была «як мага больш простай». Разам з Пантыфікам яе будуць цэлебраваць Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Агасціна Валіні і капелан калоніі а. Гаэтана Грэка.

У святой Імшы, як інфармуе Ватыканскае радыё, прымуць удзел каля 50 маладых зняволеных, сярод якіх 11 дзяўчын. Папа абмые ногі дванаццаці хлопцам розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Акрамя таго, у літургіі прыме ўдзел група з 40 валанцёраў — членаў асацыяцыі, якая апякуецца зняволенымі гэтай калоніі, а таксама члены супольнасці «Аднова ў Святым Духу», якія дапамагаюць у арганізацыі нядзельных Імшаў у гэтай установе.

У паведамленні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы адзначаецца, што пасля Імшы прадугледжана сустрэча Святога Айца з юнакамі і дзяўчынамі ў спартыўнай зале калоніі. У ёй прыме ўдзел каля 150 чалавек. Зняволеная моладзь падорыць Папу драўляны крыж і кленчнік, зроблены ў мясцовай майстэрні. Пантыфік, у сваю чаргу, падорыць усім велікодныя падарункі — яйкі і кулічы.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by