Папа запэўніў у духоўнай блізкасці пацярпелых ад паводкі ў Аргенціне | Друк |
Святы Айцец
06.04.2013 22:17

6 красавіка Святы Айцец Францішак у тэлефоннай размове з губернатарам правінцыі Буэнас-Айрэса (Аргенціна) Даніэлем Сцыолі асабіста даведаўся пра сітуацыю ў сувязі з паводкай, выкліканай вялікімі дажджамі, у архідыяцэзіі, якую ўзначальваў раней. Папа праз пасрэдніцтва губернатара запэўніў аргенцінцаў у сваёй духоўнай блізкасці.

Як інфармуе польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, у выніку катастрофы загінулі 57 чалавек. Некалькі тысяч страцілі дах над галавой.

Праз Папскую раду «Cor Unum» Пантыфік перадаў архідыяцэзіі Ла Плата 50 тысяч долараў на дапамогу ахвярам паводкі. У тэлеграме, адрасаванай Мітрапаліту Буэнас-Айрэса арцыбіскупу Марыа Аўрэліа Полі, якую ад імя Папы выслаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Святы Айцец заахвоціў грамадскія і касцёльныя арганізацыі і ўсіх людзей добрай волі да дапамогі пацярпелым.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by