Папа Францішак скіраваў спачуванні пацярпелым ад выбуху ў Тэхасе | Друк |
Святы Айцец
20.04.2013 15:16

Папа Францішак перадаў спачуванні грамадзянскім уладам горада Вэст (ЗША), а таксама сем’ям ахвяраў выбуху на тэхаскім заводзе. Святы Айцец скіраваў спачувальную тэлеграму за подпісам Дзяржаўнага Сакратара кардынала Тарчызіо Бэртонэ на імя біскупа Джо Сціва Васкуэза.

«Пантыфік моліцца аб вечным супакоі для ахвяраў і ўдзяляе благаслаўленне суцяшэння і міру для тых, хто смуткуе, і тых, хто шчыра дапамагае, каб прынесці ім палёгку», — адзначаецца ў тэлеграме, якую цытуе Ватыканскае радыё.

Адразу пасля здарэння Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца за ахвяраў. «Калі ласка, далучыцеся да мяне ў малітве за ахвяраў выбуху ў Тэхасе і за іх сем’і», — напісаў Папа ў «Твітэры».

У выніку трагедыі на тэхаскім заводзе загінулі 14 чалавек і сотні атрымалі раненні. Каля 100 будынкаў былі знішчаны і пашкоджаны.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by