Святы Айцец выказаў спачуванні ў сувязі з трагедыямі ў Генуі і Мехіка | Друк |
Святы Айцец
10.05.2013 12:16

Папа Францішак спачувае ў сувязі з трагедыяй, якая здарылася ў порце Генуі (Італія) 7 мая, дзе ў выніку сутыкнення кантэйнеравоза з дыспетчарскай вышкай па папярэдніх даных загінула 7 чалавек. У тэлеграме, падпісанай Дзяржсакратаром кардыналам Тарчызіо Бэртонэ, адзначаецца, што «Святы Айцец раздзяляе боль, які ахапіў увесь горад, і запэўнівае ў сваіх гарачых малітвах падтрымкі за трагічна загінуўшых».

Як паведамляе Ватыканскае радыё, Пантыфік просіць у Бога хуткага выздараўлення для параненых і давярае матчынай абароне Панны Марыі ўсіх, каго закранула гэтая драматычная падзея.

А 8 мая Святы Айцец выказаў спачуванні сем’ям загінуўшых падчас трагедыі ў прыгарадзе Мехіка (Мексіка), дзе ў выніку выбуху аўтацыстэрны з газам загінулі 22 чалавекі. У мясцовыя бальніцы былі дастаўлены больш за 20 чалавек з траўмамі рознай ступені цяжкасці, стан 13 з якіх ацэньваецца як крытычны. У тэлеграме на імя мясцовага біскупа Папа выказаў духоўную блізкасць пацярпелым ад трагедыі і запэўніў у малітве за загінуўшых. Пантыфік даручыў іерарху перадаць яго шчырыя спачуванні сем’ям загінуўшых і пажаданні хутчэйшага вяртання да нармальнага жыцця параненым.

(AG)

 
© 2003-2020 Catholic.by