Украінскі іерарх пра сустрэчу Папы і Патрыярха | Друк |
Святы Айцец
25.02.2016 12:44

«Мы жадаем ісці наперад разам з праваслаўнымі, будуючы не толькі мір, але і адзінства паміж Цэрквамі», — заявіў архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук.

23 лютага падчас сустрэчы з журналістамі ў Рыме іерарх распавёў пра рэакцыю ва Украіне на нядаўнюю сустрэчу Папы Францішка і Патрыярха Кірыла і патлумачыў, чаму некаторыя часткі падпісанай імі супольнай дэкларацыі былі неадназначна ўспрыняты ўкраінскім грамадствам. Архіепіскап паведаміў таксама, што падчас знаходжання ў Рыме запланавана яго сустрэча са Святым Айцом.

Кіраўнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы назваў сустрэчу Пантыфіка і Патрыярха пазітыўным крокам, які з’яўляецца адпраўной, а не канчатковай кропкай. «Я думаю, што гэтыя абдымкі былі па-сапраўднаму сакральнымі. Сустрэчы падобнага кшталту становяцца эпахальнымі на экуменічным шляху Царквы», — сказаў архіепіскап. Святы Дух, па словах іерарха, «адкрыў невядомыя гарызонты, прымушаючы выйсці за чалавечыя межы».

Каментуючы падпісаны Папам Францішкам і Патрыярхам Кірылам дакумент, архіепіскап заўважыў, што некаторыя яго часткі патрабуюць тлумачэння. Іерарх станоўча ацаніў «права на існаванне», прызнанае за царкоўнымі супольнасцямі, якія ўзніклі ў выніку уніі, і права «прадпрымаць усё неабходнае для задавальнення духоўных патрэбаў сваіх вернікаў», у якім раней адмаўлялася, але ў той жа час падкрэсліў, што права на існаванне ўстанаўлівае сам Бог. Акрамя таго, дадаў архіепіскап, у пытанні аб «уніятызме» выклікае неразуменне ўжыванне тэрміну «царкоўныя супольнасці» без канкрэтнага звароту да Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

«У тэрміналогіі сучаснай экуменічнай тэалогіі гэты тэрмін выкарыстоўваецца для акрэслення хрысціянскіх супольнасцяў, якія не захавалі паўнаты апостальскай пераемнасці. Мы, аднак, з’яўляемся неад’емнай часткай каталіцкай супольнасці», — сказаў архіепіскап.

Неразуменне, як адзначыў іерарх, выклікалі таксама словы дэкларацыі аб вайне ва Украіне. «Сёння аб гэтым больш не кажуць так шмат, але гэта драма для больш чым 45 млн. чалавек. Кожны дзень ёсць забітыя, параненыя, уваход рускіх салдат і цяжкой зброі», — патлумачыў іерарх. 

Архіепіскап падкрэсліў, што гаворка ідзе не пра грамадзянскае супрацьстаянне, а пра замежную агрэсію, і гэтага не адзначана ў дакуменце. «Святы Айцец усё растлумачыў. Ён заявіў, што сустракаўся з абодвума Прэзідэнтамі, і меў на ўвазе Прэзідэнта Пуціна і ўкраінскага Прэзідэнта Парашэнку. І гэта цудоўна. Гэта дае ўпэўненасць», — сказаў іерарх.

Архіепіскап Святаслаў Шаўчук адзначыў, што ўкраінскі народ шмат пакутуе і таму яму цяжка зразумець значэнне таго прароцкага жэсту, якім стала сустрэча. Растлумачыць значэнне такіх жэстаў, якія з’яўляюцца дзейнасцю Святога Духа і прынясуць свае плёны, пакліканы пастыры, дадаў іерарх.

«Хрысціяне могуць пачаць дыялог, пачуць адзін аднаго, прабачыць адзін аднаму і прымірыцца, ісці ў напрамку поўнага і бачнага адзінства толькі тады, калі будуць свабоднымі ад геапалітыкі, ад падпарадкаванасці зямной уладзе, свабодныя ад вар’яцтва магутных гэтага свету», — сказаў украінскі іерарх.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by