Пантыфік: Духоўная слепата перашкаджае бачыць істотнае і робіць нячулымі | Друк |
Святы Айцец
05.03.2016 20:35

Духоўная слепата перашкаджае бачыць самае істотнае, робіць людзей абыякавымі і залежнымі ад валодання матэрыяльным, ад поспеху і моцных yражанняў, сказаў Папа Францішак 4 сакавіка падчас пакутнага набажэнства ў базыліцы св. Пятра.

Перад пачаткам набажэнства Пантыфік прыступіў да сакрамэнту пакаяння, а затым сам паспавядаў некалькіх вернікаў. Набажэнства прайшло ў рамках ініцыятывы «24 гадзіны для Пана», падчас якой многія храмы ва ўсіх дыяцэзіях свету не зачыняліся на ноч, каб даць магчымасць большай колькасці вернікаў прыступіць да сакрамэнту пакаяння.

У гаміліі Святы Айцец перасцярог ад духоўнай слепаты. «З-за нашых грахоў з нашых вачэй знікла дабро. Яны аддалілі нас ад прыгажосці нашага паклікання і прымусілі блукаць далёка ад мэты», - сказаў Папа. Духоўная слепата, па словах Пантыфіка, перашкаджае бачыць істотнае і прымушае засяроджвацца на павярхоўным, робіць нячулымі да іншых.

«Як проста і памылкова думаць, што жыццё залежыць ад таго, што маеш, ад поспеху ці ўражанняў, што эканоміка павінна служыць толькі прыбытку і спажывецтву, што асабістыя жаданні павінны дамінаваць над сацыяльнай адказнасцю. Гледзячы толькі на наша “я”, мы становімся сляпымі, безыніцыятыўнымі і сканцэнтраванымі толькі на саміх сабе, пазбаўленымі радасці і сапраўднай свабоды», - сказаў Папа Францішак.

Святло Хрыста, аднак, заклікае да таго, «каб мы не заставаліся закрытымі ў нашай цёмнай слепаце», а Яго прысутнасць «дазваляе нам адчуць сябе маючымі патрэбу ў збаўленні», адзначыў Пантыфік. З гэтага, па словах Папы, пачынаецца аздараўленне сэрца.

Святы Айцец заклікаў вернікаў адмовіцца ад таго, што перашкаджае крочыць да Хрыста, што дае пачуццё фальшывай бяспекі, а таксама аднавіць духоўную шляхетнасць і годнасць умілаваных дзяцей, якія стаяць перад Панам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by