Падтрымаць дабрачынныя ініцыятывы Папы можна ў інтэрнэце | Друк |
Святы Айцец
23.11.2016 10:09

У вернікаў ва ўсім свеце з’явілася дадатковая магчымасць падтрымаць дабрачынныя ініцыятывы Святога Айца. Цяпер ахвяраванні, якія будуць накіраваны Пантыфікам на рэалізацыю канкрэтных справаў міласэрнасці, можна рабіць з дапамогай адмысловага сайта, які быў створаны ў Ватыкане і пачаў дзейнічаць 21 лістапада.

Назва рэсурса — www.obolodisanpietro.va — нагадвае пра традыцыйны збор ахвяраванняў, вядомы як «Грош св. Пятра» (Obolo di san Pietro). Ён праходзіць штогод ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта традыцыя была ўведзена ў паўсюдную практыку Касцёла ў 1871 годзе энцыклікай Папы Пія IX «Saepe Venerabilis», а шырокае распаўсюджанне атрымала ў XX ст.

На дадзены момант сайт мае тры моўныя версіі: італьянскую, англійскую і іспанскую. З цягам часу іх колькасць павялічыцца. Пра гэта адзначаецца ў спецыяльным паведамленні Апостальскай Сталіцы.

Акрамя магчымасці канкрэтным чынам паўдзельнічаць у ініцыятывах міласэрнасці Святога Айца, сайт знаёміць з некаторымі дабрачыннымі праектамі Святога Пасаду, прамовамі Папы на тэму міласэрнасці, старажытнай гісторыяй ініцыятывы «Грош св. Пятра».

Рэсурс быў створаны ў выніку супрацоўніцтва Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, Сакратарыята па камунікацыі і Інстытута рэлігійных спраў, вядомага як Ватыканскі банк.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by