Папа Францішак здзейсніць гістарычны візіт да англіканаў Рыма | Друк |
Святы Айцец
21.02.2017 12:50

Гістарычным назвалі рымскія англікане хуткі візіт папы Францішка ў іх святыню. Ён наведае царкву Усіх Святых 26 лютага і стане першым Пантыфікам, які зробіць гэта.

Святы Айцец прыме ўдзел ў Харальных Нешпарах, якія ў гэты дзень будуць мець скарочаную форму, і прамовіць казанне. Завершыцца набажэнства благаслаўленнем іконы Хрыста Збаўцы, замоўленай сумесна англіканскай супольнасцю і рымскай каталіцкай парафіяй Усіх Святых — іх злучаюць моцныя экуменічныя сувязі. Пасля гэтага Папа адкажа на пытанні ўдзельнікаў сходу.

Як гаворыцца ў спецыяльнай заяве, візіт Францішка прымеркаваны да 200-годдзя заснавання англіканскай парафіі ў Рыме, што пачала сваю дзейнасць з невялікай групы вернікаў, якія правялі першую малітву 27 кастрычніка 1816 г. Цяперашняя святыня, якая знаходзіцца недалёка ад славутай Іспанскай лесвіцы, была пабудавана праз больш чым паўстагоддзя, у 1882 г., паводле праекта англійскага архітэктара Джорджа Эдманда Стрыта, стваральніка Каралеўскага суда ў Лондане.

Царква Усіх Святых з’яўляецца часткай Архідыяконіі Італіі і Мальты, якая належыць да англіканскай епархіі ў Еўропе. Яна нядаўна атрымала юрыдычнае прызнанне з боку італьянскай дзяржавы.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by