Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэталі візіту Папы Францішка ў Фаціму: Пантыфік здзейсніць сапраўдную пілігрымку
Святы Айцец
06.05.2017 09:12

«Папа здзейсніць сапраўдную пілігрымку ў Фаціму», — падкрэсліў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк падчас прэс-канферэнцыі з нагоды візіту Святога Айца ў партугальскі марыйны санктуарый 12-13 мая.

Візіт прымеркаваны да 100-годдзя фацімскіх аб'яўленняў.

Папа Францішак прыбудзе ў Партугалію самалётам італьянскай авіякампаніі Alitalia 12 мая ў 16.30 па мясцовым часе. Пералёт з Рыма да ваеннага аэрадрома ў ваколіцах Фацімы будзе працягвацца каля трох гадзін. Па прылёце адбудзецца цырымонія прывітання і прыватная сустрэча з Прэзідэнтам Партугаліі Марсэлу Рэбелу ды Созам. Пасля кароткай малітвы ў капліцы мясцовай вайсковай базы Папа на верталёце накіруецца ў санктуарый.

У першую чаргу ён наведае капліцу аб'яўленняў, дзе правядзе некаторы час на прыватнай малітве. Затым Пантыфік звернецца да вернікаў са сваёй першай з чатырох прамоваў. Каля 21.00 ён зноў прыбудзе ў капліцу, каб здзейсніць абрад благаслаўлення свечак, з якога пачнецца начное малітоўнае чуванне. У яго рамках Францішак узначаліць ружанцовую малітву, выступіць з прамовай і благаславіць вернікаў. Начную св. Імшу будзе цэлебраваць яго бліжэйшы супрацоўнік кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін.

13 мая, у 100-ю гадавіну першага з шасці аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме, Францішак спачатку сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Партугаліі Антоніу Коштам, а затым накіруецца ў фацімскі санктуарый, каб памаліцца каля магілаў сведкаў аб'яўленняў: Франсішку і Жасінты Марту. Тут яго сустрэне самы пажылы партугальскі святар, якому 104 гады і які з'яўляецца сучаснікам тых цудоўных падзей.

У 10.00 Папа ўзначаліць кананізацыйную Імшу, падчас якой Франсішку і Жасінта будуць абвешчаны святымі.

Пасля літургіі, згодна з традыцыяй санктуарыя, адбудзецца благаслаўленне хворых, падчас якога Пантыфік звернецца са сваёй чацьвёртай і апошняй прамовай. Усе звароты Святога Айца прагучаць на партугальскай мове.

Вылет з Фацімы запланаваны на 15.00. Чакаецца, што самалёт з Папам на борце прыбудзе ў рымскі аэрапорт Ciampino каля 19.00 па італьянскім часе.
Для Францішка пілігрымка ў Фаціму будзе 19-м замежным падарожжам. Ён стане чацвёртым Пантыфікам, які накіруецца ў гэта месца. У 1967 г. яго наведваў Павел VI, у 1982 г., 1991 г., і 2000 г. — Ян Павел ІІ, а ў 2010 г. — Бэнэдыкт XVI.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 25.07.2017
  • 24.07.2017
  • 23.07.2017
  • 22.07.2017
  • 21.07.2017