Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне Папы на Дзень міру: дасягненне міру залежыць ад прызнання, што ў Богу чалавецтва з’яўляецца адной сям’ёй
Слова Папы
14.12.2012 15:17

14 снежня ў Прэс-службе Апостальскай Сталіцы адбылася прэзентацыя Паслання папы Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня. Як падкрэслівае Пантыфік у дакуменце, кожны новы год нясе надзею, што свет стане лепшым, а шматлікія пачынанні, накіраваныя на дасягненне свету, кажуць пра «прыроджанае пакліканне чалавецтва да міру».

Святы Айцец адзначае, што мір — гэта дар Божы і чалавечае дзеянне. Без праўды пра чалавека, упісанай Стварыцелем у яго сэрца, свабода і любоў абясцэньваюцца, справядлівасць губляе сваю аснову.

Як чытаем у пасланні, тэкст якога прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, «шлях дасягнення агульнага дабра і міру заключаецца перш за ўсё ў павазе да чалавечага жыцця» ад зачацця да натуральнай смерці. Таму «той, хто жадае міру, не можа цярпець злачынстваў супраць жыцця». Кажучы пра знішчэнне ненароджаных дзяцей, Папа адзначае, што «забойства безабароннай і нявіннай істоты ніколі не зможа даць шчасця або міру», і такі мір быў бы ілюзорным.

Па словах Пантыфіка, выклікаюць трывогу таксама «напружанасць і канфлікты, выкліканыя ростам няроўнасці паміж багатымі і беднымі, панаваннем эгаістычнага і індывідуалістычнага менталітэту». Небяспеку нясуць «фундаменталізм і фанатызм, якія скажаюць спраўдную прыроду рэлігіі, што павінна садзейнічаць прымірэнню».

Дзеля дасягнення міру, падкрэслівае Святы Айцец, важна, «каб сённяшнія культуры пераадолелі антрапалогію і этыку, заснаваную на чыста суб’ектывісцкіх і прагматычных палажэннях, калі адносіны натхняюцца крытэрыямі ўлады або выгады». Мір — гэта «будаванне суіснавання з рацыянальнага і маральнага пункту гледжання, на аснове, якая створана не чалавекам, а Богам».

Каб стаць сапраўднымі будаўнікамі міру, неабходна, паводле Папы, «увага да трансцэндэнтнага вымярэння і пастаянны дыялог з Богам», дзякуючы чаму чалавек можа перамагчы грэх ва ўсіх яго формах. Дасягненне міру залежыць «найперш ад прызнання таго, што ў Богу ўсё чалавецтва з’яўляецца адной вялікай сям’ёй». Мір — гэта «парадак, каб (…) адчуваць патрэбы іншых людзей як свае ўласныя, дзяліцца з іншымі тым, што маеш».

Неабходным для міру Папа называе і «права індывідуумаў і грамадстваў на свабоду веравызнання», дадаючы, што сёння «нават у краінах са старажытнай хрысціянскай традыцыяй памнажаюцца эпізоды рэлігійнай нецярпімасці, асабліва ў адносінах да хрысціянства».

Будаўнікі міру, як гаворыцца ў пасланні, павінны клапаціцца і пра вырашэнне фінансавага і харчовага крызісу. Дзеля гэтага яны «пакліканы працаваць разам у духу салідарнасці, пачынаючы ад мясцовага ўзроўню да міжнароднага», думаючы асабліва пра тое, каб у абставінах крызісу не пацярпелі найбольш бедныя.

Дзеля ўсталявання міру, працягвае Пантыфік, трэба таксама клапаціцца пра дабро сям’і, сацыяльную справядлівасць, пра здаровае сацыяльнае выхаванне.

Папа звяртае ўвагу на важнасць «педагогікі міру», пры якой людзей будуць вучыць «любіць адно аднаго, ставіцца да ўсіх з жаданнем дабра, а не проста з цярплівасцю». «Галоўны заклік заключаецца ў тым, каб сказаць „не“ помсце, прызнаць уласныя памылкі, не патрабаваць просьбы аб прабачэнні і, нарэшце, прабачыць», — піша Святы Айцец. Усе гэтыя якасці, дадае Папа, увасабляе ў сабе Езус.

Пантыфік выказвае надзею, што «ўсе змогуць быць сапраўднымі будаўнікамі міру, каб горад чалавечы ўзрастаў у братэрскай згодзе».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.