Папа Францішак: «Бог не атаясамлівае нас са злом, якое мы здзейснілі» | Друк |
Слова Папы
13.03.2016 18:02

Божая воля – не асуджэнне, а збаўленне чалавека, падкрэсліў Папа Францішак у разважаннях перад малітвай «Анёл Панскі» 13 сакавіка. Па словах Пантыфіка, Бог не жадае прыбіваць чалавека да яго грахоў, а хоча яго вызвалення.

«Евангелле пятай нядзелі Вялікага посту (Ян 8, 1-11) вельмі прыгожае, – сказаў Папа. – Мне падабаецца чытаць яго і вяртацца да яго. Яно ўтрымлівае эпізод з чужаложнай жанчынай, ставячы на першы план тэму Божай міласэрнасці, якая ніколі не жадае смерці грэшніка, але яго навяртання і жыцця. Сцэна адбываецца на Храмавай гары. Калі Езус вучыў народ, прыйшлі некаторыя з кніжнікаў і фарысеяў і прывялі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Гэта жанчына знаходзіцца ў сярэдзіне паміж Езусам і натоўпам (Ян 8, 3), паміж міласэрнасцю Сына Божага і насіллем, гневам абвінаваўцаў. На самой справе яны прыйшлі да Настаўніка не каб высветліць Яго думку – яны былі дрэннымі людзьмі, – але каб зладзіць пастку для Яго. Бо, калі Езус будзе дзейнічаць у адпаведнасці з цяжкасцю закону, зацвярджаючы каменаванне жанчыны, Ён страціць сваю рэпутацыю лагоднасці і дабрыні, што вельмі захапляла людзей. А калі Ён хоча быць міласэрным, павінен будзе дзейнічаць насуперак закону, аб якім сам сказаў, што хоча яго не адмяніць, а выканаць (Мц 5, 17). Езус знаходзіцца паміж гэтым.

Зламыснасць крыецца ў пытанні, пастаўленым Езусу: “А Ты што скажаш?” (Ян 8, 5) Езус не адказаў, маўчаў і зрабіў таямнічы жэст: “схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі” (Ян 8, 6). Магчыма, гэта былі малюнкі, іншыя кажуць, што Ён пісаў грахі фарысеяў, але пісаў, дыстанцыяваўся. Такім чынам, Ён заклікаў усіх быць спакойнымі, не дзейнічаць на хвалі імпульсіўнасці і шукаць Божую справядлівасць.

Але гэтыя дрэнныя людзі настойвалі на сваім і чакалі ад Яго адказу. Здаецца, яны прагнулі крыві. Тады Езус падняў галаву і сказаў: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень” (Ян 8, 7). Гэты адказ збянтэжыў абвінаваўцаў, раззброіў іх усіх у прамым сэнсе гэтага слова: яны склалі зброю, камяні, якія былі гатовыя кінуць; і бачныя, якія прызначаліся для жанчыны, і схаваныя – супраць Езуса. І калі Пан Езус далей пісаў па зямлі, маляваў, або нешта іншае, абвінаваўцы адышлі адзін за адным, з апушчанай галавой, пачынаючы са старэйшых, больш дасведчаных, бо былі не без граху.

Як жа важна, каб і мы ведалі, што мы грэшнікі, калі ліхасловім супраць іншых і калі адбываюцца ўсе тыя сітуацыі, якія мы добра ведаем. Як жа важна мець мужнасць пакласці на зямлю камяні, якія мы хацелі кінуць у іншых, і трохі падумаць пра нашы грахі!

Засталіся толькі жанчына і Езус: нікчэмнасць і міласэрнасць, адно насупраць другога. Колькі разоў гэта адбываецца і з намі, калі мы стаім перад канфесіяналам з сорамам, каб заўважыць сваю нікчэмнасць і прасіць прабачэння.

“Жанчына, дзе яны?” (Ян 8, 10) – кажа ёй Езус. І хапае гэтых слоў і Яго погляду, поўнага міласэрнасці і любові, каб гэтая асоба адчула – магчыма, упершыню, – што ў яе ёсць годнасць, што яна – гэта не толькі яе грэх, што ў яе ёсць асабістая годнасць, што яна можа змяніць сваё жыццё, можа выйсці з рабства і пайсці новым шляхам.

Дарагія браты і сёстры, гэтая жанчына ўяўляе сабой усіх нас, нас – чужаложцаў адносна Бога, якія здраджваюць Яго вернасці. І яе досвед дэманструе Божую волю адносна кожнага з нас: не наша асуджэнне, а наша збаўленне праз Езуса. Ён з’яўляецца ласкай збаўлення ад граху і смерці. Ён пісаў па зямлі, па пыле, з якога створаны кожны чалавек (пар. Быц 2, 7), думку Бога: “Я не хачу, каб ты памёр, хачу, каб жыў”.

Бог не прыбівае нас да нашага граху, не атаясамлівае нас са злом, якое мы здзейснілі. У нас ёсць імя, і Бог не ідэнтыфікуе гэтага імені з грахом, здзейсненым намі. Ён хоча нас вызваліць і таксама жадае, каб і мы хацелі гэтага разам з Ім. Ён хоча, каб наша свабода навярнулася ад зла да дабра, і гэта магчыма з Яго ласкай.

Няхай Дзева Марыя дапамагае нам у поўным даверы Божай міласэрнасці, каб мы сталі новым стварэннем».

На заканчэнне сваёй нядзельнай сустрэчы з вернікамі Папа Францішак папрасіў іх аб малітве за яго.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by