Папа Францішак: «У канцы мы будзем асуджаны па справах міласэрнасці» | Друк |
Слова Папы
10.07.2016 22:04

Добры cамаранін і яго стаўленне да іншага чалавека былі ў цэнтры ўвагі ў разважанні Папы Францішка 10 ліпеня перад малітвай «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра. Хрысціянская вера без сведчання — мёртвая, нагадаў Пантыфік.

«Літургія прапануе нам сёння прыпавесць пра міласэрнага самараніна, узятую з Евангелля паводле Лукі (10, 25-37), — нагадаў Святы Айцец. — У простым і натхняльным апавяданні яна паказвае нам лад жыцця, цэнтрам цяжару якога з’яўляемся не мы самі, а іншыя са сваімі цяжкасцямі, людзі, з якімі мы сутыкаемся на нашым шляху і якія з’яўляюцца выклікам для нас. Іншыя, якія з’яўляюцца выклікам. І калі гэтыя іншыя не з’яўляюцца выклікам для нас, тут нешта не так; нешта ў гэтым сэрцы нехрысціянскае. Езус выкарыстоўвае гэтую прыпавесць у дыялогу з кніжнікам у адносінах да двайной запаведзі, якая дазваляе атрымаць вечнае жыццё: любіць Пана Бога ўсім сэрцам і бліжняга свайго, як самога сябе (Лк 10, 25-28). “Так – адказвае гэты кніжнік – але скажы, хто мой бліжні?” (Лк 10, 29). Таксама і мы можам задаць сабе гэтае пытанне: хто мой бліжні? Каго я павінен любіць, як самога сябе? Сваіх бацькоў? Сваіх сяброў? Сваіх землякоў? Тых, хто вызнае тую ж рэлігію, што і я? Хто мой бліжні?

І Езус адказвае гэтай прыпавесцю. На чалавека па дарозе з Ерузалема ў Ерыхон напалі рабаўнікі, збілі і пакінулі. Тым жа шляхам праходзіў спачатку святар, а затым левіт, якія, бачачы параненага, не спыніліся і прайшлі міма (Лк 10, 31-32). Потым ішоў самаранін, гэта значыць адзін з жыхароў Самарыі, якімі пагарджалі юдэі, таму што яны не прытрымліваліся праўдзівай рэлігіі. І ўсё ж менавіта ён, убачыўшы гэтага няшчаснага бедняка, “злітаваўся: падышоў, перавязаў яму раны (...), прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім” (Лк 10, 33-34) і на наступны дзень даручыў апеку гаспадару, заплаціў за яго і сказаў, што аплоціць рэшту (Лк 10, 35).

У гэты момант Езус звярнуўся да кніжніка і спытаўся ў яго: “Хто з гэтых трох, на тваю думку, быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?” І ён адказаў, вядома, таму што ён быў разумны чалавек: “Той, хто паступіў з ім міласэрна” (Лк 10, 36-37). Езус, такім чынам, цалкам перавярнуў першапачатковую перспектыву кніжніка – а таксама і нашу! Я не магу каталагізаваць іншых, каб вырашыць, хто мой бліжні, а хто не. Ад мяне залежыць, з’яўляюся я бліжнім ці не – гэта маё рашэнне – для сустрэтага мной чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе, таксама для чужога для мяне і нават варожага. І ў завяршэнне Езус кажа: “Ідзі і ты рабі таксама” (Лк 10, 37). Які цудоўны ўрок! І Ён паўтарае гэта кожнаму з нас: “Ідзі і ты рабі таксама”, стань бліжнім для брата і сястры, калі бачыш, што яны маюць цяжкасці. “Ідзі і ты рабі таксама”. Варта рабіць добрыя рэчы, а не толькі гаварыць словы, якія ляцяць з ветрам. Я памятаю песню “Parole, parole, parole” (Словы, словы, словы). Не! Трэба рабіць, рабіць, рабіць. І дзякуючы добрым рэчам, зробленым з любоўю і радасцю да свайго бліжняга, наша вера прарастае і прыносіць свой плён.

Давайце спытаем сябе – і няхай кожны адкажа ў сваім сэрцы – ці сапраўды наша вера плённая? Ці прыносіць добрыя справы? Ці, можа, яна бясплодная, больш мёртвая, чым жывая? Ці станаўлюся я бліжнім або проста праходжу міма? Гэтыя пытанні варта задаваць сабе часта, таму што ў канцы мы будзем асуджаны па справах міласэрнасці: Пан зможа сказаць нам: “Ці памятаеш той выпадак па дарозе з Ерузалема ў Ерыхон? Гэтым напаўжывым чалавекам быў Я. Памятаеш? Тым галодным дзіцём быў Я. Памятаеш? Тым мігрантам, якога многія хацелі забіць, быў Я. Гэтымі самотнымі бабулямі і дзядулямі, пакінутымі ў дамах састарэлых, быў Я. Гэтым самотным у бальніцы, да якога ніхто не прыходзіць, быў Я”.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам рухацца па дарозе любові, любові велікадушнай у адносінах да іншых, па дарозе добрага самараніна. Няхай дапаможа нам жыць галоўнай запаведдзю, што Езус пакінуў нам. Гэта дарога, якая вядзе да вечнага жыцця».

Пасля малітвы Папа Францішак удзяліў усім сабраным на плошчы св. Пятра сваё благаслаўленне.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by