Святы Айцец Францішак пра сутыкненні ў Конга: «Дзеці-салдаты — гэта трагедыя» | Друк |
Слова Папы
20.02.2017 08:21

«На жаль, працягваюць паступаць весткі пра гвалтоўныя і жорсткія сутыкненні ў раёне Цэнтральнага Касаі ў Дэмакратычнай рэспубліцы Конга. Я адчуваю моцны боль з-за ахвяраў, асабліва з-за шматлікіх дзяцей, вырваных з сем’яў і са школы, каб выкарыстаць іх у якасці салдатаў. Дзеці-салдаты — гэта трагедыя», — падкрэсліў папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Святога Пятра ў нядзелю 19 лютага. 

«Я запэўніваю ў маёй блізкасці і малітве таксама за тых, хто ў гэтай гарачай кропцы здзяйсняе рэлігійную і гуманітарную дзейнасць; я зноў настойліва заклікаю да сумлення і да адказанасці дзяржаўных уладаў і міжнароднай супольнасці, каб яны прынялі належныя і своечасовыя рашэнні дзеля падтрымкі гэтых нашых братоў і сясцёр», — дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў маліцца «за іх і за ўсіх тых, хто таксама ў іншых рэгіёнах афрыканскага кантынента і свету пакутуе ад насілля і ад войнаў».

«У прыватнасці, я думаю пра дарагія мне народы Пакістана і Ірака, якія ў апошнія дні пацярпелі ад жорсткіх тэрарыстычных актаў. Памолімся за ахвяраў, за параненых і іх родных. Горача памолімся за тое, каб кожнае сэрца, закамянелае ад нянавісці, звярнулася да міру, якога жадае Бог», — заклікаў папа Францішак.

Дк. Мікола Гракаў
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by