Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак у Фаціме: Марыя прыйшла нагадаць пра Божае святло ў нас і вакол нас
Слова Папы
13.05.2017 15:42

«Я не мог не прыехаць сюды, каб пакланіцца Панне Марыі і даручыць ёй яе сыноў і дачок. Пад яе плашчом не губляюцца, з яе рук зыходзяць надзея і спакой», — сказаў Францішак 13 мая падчас урачыстай літургіі на плошчы перад базылікай Маці Божай Ружанцовай у Фаціме з нагоды 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.

Падчас св. Імшы, на якой Францішак і Жасінта Марту былі абвешчаны святымі, Папа назваў іх прыкладам надзеі, якая асноўваецца на веры ў Езуса Хрыста. «Дзева Марыя ўвяла іх у бязмежнае мора Божага святла, накіроўваючы да праслаўлення Пана. З гэтага яны атрымлівалі моц, каб пераадольваць супярэчнасці і цярпенні. Божая прысутнасць стала пастаяннай у іх жыцці, што яскрава бачна ў настойлівай малітве за грэшнікаў і няспынным жаданні заставацца побач з Езусам, укрытым у табернакулюме», — адзначыў падчас гаміліі Святы Айцец.

Марыя, як падкрэсліў Папа, прыйшла не для таго, каб мы яе ўбачылі: «Для гэтага ў нас будзе цэлая вечнасць». Прадказваючы і папярэджваючы аб пагрозе пекла, да якога вядзе жыццё без Бога, яна аб’явілася тром партугальскім пастушкам, «каб нагадаць пра Божае святло, якое прабывае ў нас і нас атуляе». Па сведчаннях пілігрымаў, працягнуў Пантыфік, Фаціма і ёсць тым плашчом Святла, які нас ахінае тут, як і ў любым іншым месцы, калі шукаем заступніцтва Дзевы Марыі і просім, каб паказвала нам Езуса.

Папа Францішак запрасіў вернікаў дзякаваць Марыі за шматлікія ласкі, якімі яна на працягу ста гадоў з моманту свайго аб’яўлення ў Фаціме адорвае Партугалію і ўвесь свет, і заклікаў кожнага сваім прыкладам і жыццём служыць «рэальнай і дзейснай» надзеяй для іншых.

Урачыстая літургія прайшла на лацінскай і партугальскай мовах у прысутнасці шматлікіх мясцовых вернікаў і пілігрымаў з усяго свету. Удзел у св. Імшы таксама прымалі прэзідэнты Партугаліі, Парагвая і астраўной афрыканскай краіны Сан-Тамэ і Прынсіпі.

Папа Францішак стаў чацвёртым Пантыфікам, які наведаў санктуарый. У 1967 г. тут быў Павел VI, у 1982 г., 1991 г., і 2000 г. — Ян Павел ІІ, а ў 2010 г. — Бэнэдыкт XVI.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.