Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак ва ўрачыстасць Божага Цела: у Эўхарыстыі варта прымаць Езуса замест уласнага «я»
Слова Папы
19.06.2017 15:10

18 чэрвеня падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы Чв. Пятра ў Ватыкане папа Францішак нагадаў пра асаблівую ролю ўрачыстасці Божага Цела.

Аналізуючы ўрывак з Евангелля на гэты дзень, Пантыфік дадаў, што Укрыжаваны Сын Чалавечы — гэта сапраўднае Пасхальнае Ягнё, якое выводзіць з няволі граху і падтрымлівае на шляху ў зямлю абяцаную.

«Эўхарыстыя — гэта сакрамэнт Божага цела, аддадзенага за жыццё свету; хто насычаецца гэтай ежай, той прабывае ў Хрысце і жыве для Яго. Спажываць Хрыста азначае быць у Ім, стаць сынамі ў Сыне», — сказаў Святы Айцец.

Папа Францішак дадаў, што ў Эўхарыстыі Езус дае самога сябе як духоўную моц, каб «дапамагчы нам ажыццявіць на практыцы Яго запаведзь — любіць так, як Ён палюбіў нас, будуючы гасцінныя і адкрытыя супольнасці перадусім для людзей найбольш слабых, бедных і патрабуючых».

Насычацца Хрыстом у Эўхарыстыі, паводле слоў Папы, азначае таксама з даверам даручаць сябе Яму і дазволіць Яму нас павесці за сабою.

«Гэта значыць прыняць Езуса замест свайго ўласнага “я”. Такім чынам бескарыслівы дар любові, атрыманы ад Езуса ў эўхарыстычнай Камуніі праз дзеянне Святога Духа, падмацоўвае любоў да Бога і да братоў і сясцёр, якіх мы сустракаем на нашым штодзённым шляху», — зазначыў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што «падмацаваныя Целам Хрыста, мы становімся ўсё больш і насамрэч містычным Целам Хрыста»:

«Пра гэта нам нагадвае апостал Павел: “Келіх благаслаўлення, які благаслаўляем, ці не з’яўляецца ўдзелам у Крыві Хрыста? Хлеб, які ламаем, ці ж не з’яўляецца ўдзелам у Целе Хрыста? Адзін ёсць хлеб, адно цела — мы многія. Бо мы ўсе саўдзельнікі аднаго Хлеба” (1 Кар 10, 16–17)».

«Няхай Дзева Марыя, якая заўжды была з’яднаная з Езусам, Хлебам жыцця, дапаможа нам нанава адкрыць прыгажосць Эўхарыстыі, з вераю ёю насычацца, каб жыць у еднасці з Богам і з братамі», — заключыў папа Францішак.

Дк. Мікола Гракаў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
  • 20.08.2017
  • 19.08.2017
  • 18.08.2017
  • 17.08.2017
  • 16.08.2017