Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Равазі: многія новыя касцёлы нагадваюць «сакральны гараж»
Рымская курыя
13.02.2012 13:45

«Вялікі архітэктар Фрэнк Лойд Райт казаў, што ўрач можа хаваць свае памылкі, а архітэктару застаецца толькі прапанаваць сваім кліентам, каб абсадзілі няўдалы будынак вінаграднікам. Думаю, што некаторыя біскупы павінны сёння заняцца вінаградарствам, каб схаваць тое, што было пабудавана ў апошнія гады», — такую думку выказаў кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры.

Па словах іерарха, многія новыя святыні нагадваюць «сакральны гараж», у якім прыпаркавалі Бога, а вернікаў паставілі роўнымі радамі. Іншыя маюць выгляд эзатэрычных памяшканняў, панурых і пазбаўленых святла. Яшчэ іншыя выглядаюць як звычайныя канферэнц-залы, якія падыйшлі б пратэстантам ці вызнаўцам юдаізму, рэлігій, у якіх сакральную прастору запаўняюць слова і музыка.

Каталіцызм жа, на думку кардынала Равазі, патрабуе знакаў, вобразаў і ўстойлівых элементаў сакральнай прасторы, такіх, як алтар, табернакулюм, капліца. Старшыня Папскай рады па культуры патлумачыў, што «каталіцкая літургія з’яўляецца ў пэўным сэнсе тэатральнай: мае свой рытм і дзеянне, у ёй выкарыстоўваецца колер, „касцюмы“ і гульня святла».

Іерарх дадаў, што праблемай з’яўляецца тое, што многія архітэктары, праектуючы святыню, не займаюцца фарміраваннем сакральнага абсталявання. Пакідаюць гэта святарам, а нярэдка звяртаюцца да кітчу. Тады гармонія будынка святыні разбіваецца.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.