Кардынал Кох: у літургічнай рэформе трэба адкрыць сапраўдную спадчыну Сабору | Друк |
Рымская курыя
05.01.2013 13:25

«Пытанні літургічнай рэформы цесна звязаны з правільнай інтэрпрэтацыяй Другога Ватыканскага Сабору», — адзначыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Аб гэтым іерарх сказаў у размове з аўстрыйскім каталіцкім сайтам kath.net.

Па словах кардынала, якія прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, кажучы аб рэформе, трэба высветліць, ці мае яна на ўвазе парыванне з ранейшай гісторыяй і стварэннем чагосьці новага. У выпадку з літургічнай рэформай — яе трэба разумець, паводле іерарха, як знаходжанне першаснай формы літургіі, у адпаведнасці з Традыцыяй Касцёла.

Як дадаў старшыня Папскай рады, паслясаборная рэформа літургіі часта разумелася як парыванне з мінулым. Разумеючыся як нейкі эксперымент, яна ў многім аддалілася ад вялікага літургічнага бачання Сабору, цэнтр якога — пасхальная таямніца смерці і ўваскрасення Хрыста. На гэта звяртаў увагу і папа Бэнэдыкт XVI.

Кардынал Кох падкрэсліў, што сёння неабходна адкрыць сапраўдную спадчыну Сабору, якая б была плённай у сучаснай сітуацыі Касцёла.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by