Кардынал Кох: глыбіня нашага адзінства — у малітве Езуса | Друк |
Рымская курыя
22.01.2013 15:29

«Сам Езус жадае паказаць нам шлях, па якім мы, як раздзеленыя хрысціяне і Цэрквы, можам усё больш збліжацца», — адзначае старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох у сваім артыкуле, апублікаваным ў газеце Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano».

Па словах кардынала, Год веры, абвешчаны Папам, цесна звязаны з Другім Ватыканскім Саборам і «натхнёны жаданнем рэалізаваць асноўныя палажэнні вучэння» Сабору — у тым ліку абавязак экуменізму.

Праблема сённяшняй экуменічнай сітуацыі, падкрэслівае кардынал Кох, заключаецца ў тым, што «больш няма згоды ў тым, што азначае экуменізм і ў чым яго мэта». Каб пазбегнуць далейшага аддалення, неабходна «зноў паразважаць аб канчатковай мэце экуменічнага шляху ў святле веры».

«Усведамленне таго, што за 50 гадоў, якія прайшлі з пачатку Сабору, мы так і не дасягнулі экуменічнай мэты адзінства веры, дапамагло нам зразумець, што не нам, людзям, ствараць адзінства, і мы (…) можам толькі прыняць яго ў дар, — дадае кардынал, чые словы прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — У сувязі з гэтым святарская малітва Езуса з’яўляецца для нас указаннем. Малітва аб адзінстве застаецца і сёння адрозніваючым знакам любых экуменічных намаганняў».

«Сам Езус жадае нашага ўдзелу ў гэтай малітве і хоча паказаць нам шлях, па якім мы, як раздзеленыя хрысціяне і Цэрквы, можам усё больш збліжацца. Бачыць у малітве Езуса самае глыбокае месца нашага адзінства і больш трывала ўстаць на гэты фундамент веры экуменічнага абавязку з’яўляецца неадкладнай задачай нашага часу», — піша старшыня Папскай рады.

(AG)

 
© 2003-2020 Catholic.by