Кніга Псальмаў стане асновай велікапосных рэкалекцый для Папы | Друк |
Рымская курыя
22.01.2013 16:13

«Для рэкалекцый я абраў Кнігу Псальмаў, таму што ў ёй Бог і чалавек знаходзяцца ў найбольш цесным дыялогу», — паведаміў кардынал Джанфранка Равазі. З 17 па 23 лютага, у перыяд Вялікага посту, старшыня Папскай рады па культуры правядзе рэкалекцыі для Папы і Рымскай Курыі.

Па словах кардынала, якія прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, «менавіта Кніга Псальмаў магла б даць ідэальнае ўяўленне пра аблічча Бога і аблічча чалавека». У ёй «пра веру кажа Бог, але ў той жа час і чалавек, які рэагуе на гэтае аб’яўленне і адказвае сваёй верай».

Тэма цыклу разважанняў, якія прапануе рэкалекцыяніст Пантыфіку і супрацоўнікам Рымскай Курыі, — «Ars orandi, ars credendi (Мастацтва малітвы — мастацтва веры). Аблічча Бога і чалавека ў малітве Псальмаў». Таксама падчас разважанняў будзе звернута ўвага на дзеясловы, звязаныя з малітвай: «дыхаць, думаць, змагацца, любіць» — бо, як адзначыў кардынал Равазі, малітва «падобна да дыхання душы».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by