Пасланне на Дзень барацьбы з праказай скіраваў старшыня Папскай рады | Друк |
Рымская курыя
26.01.2013 09:20

У 2011 годзе ў свеце было зафіксавана 220 тысяч выпадкаў новых захворванняў на праказу. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні старшыні Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя арцыбіскупа Зыгмунта Зімоўскага на Сусветны дзень барацьбы з праказай, які будзе адзначацца ў нядзелю, 27 студзеня.

Па словах арцыбіскупа, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, новыя выпадкі захворванняў сведчаць аб недастатковым доступе людзей да сродкаў дыягностыкі, недастатковай адукацыі і аб вялікай патрэбе гігіенічна-санітарных дзеянняў. Разам з тым старшыня Папскай рады падкрэслівае, што праказа — не смяротнае захворванне і паддаецца лячэнню, як і многія іншыя хваробы, якія тым не менш, дадае іерарх, прыводзяць да смерці тысяч чалавек або да цяжкага калецтва, асабліва ў найбольш бедных краінах.

Арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі адзначае, што праблема такога захворвання, як праказа, патрабуе ўвагі міжнароднай супольнасці. У кантэксце Года веры іерарх заахвочвае вернікаў да аднаўлення місіі добрага самараніна, якая вынікае з абавязку хросту. Арцыбіскуп нагадвае аб прыкладах святых і благаслаўлёных, у тым ліку Маці Тэрэзы з Калькуты, якія аддана служылі хворым на праказу.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы дадае, што неабходны таксама ўдзел саміх хворых, каб перамагчы інфекцыю і прадухіліць далейшае пашырэнне эпідэміі.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by