Ватыкан заклікае будыстаў да супрацоўніцтва ў абароне жыцця | Друк |
Рымская курыя
02.05.2013 14:52

Да працягу супрацоўніцтва ў абвяшчэнні павагі да чалавечага жыцця заклікае будыстаў Папская рада па міжрэлігійным дыялогу. З нагоды будысцкага свята Весак, якое будзе адзначацца ў розных краінах з 17 па 25 мая, апублікавана пасланне старшыні Папскай рады кардынала Жана-Луі Тарана.

У пасланні адзначаецца, што важнасць дыялога і супрацоўніцтва паміж рэлігіямі падкрэсліў на пачатку свайго Пантыфікату папа Францішак, а Бэнэдыкт XVI у пасланні на Сусветны дзень міру 2013 напісаў, што «шлях да дасягнення агульнага дабра і міру — гэта найперш павага да чалавечага жыцця».

Падкрэсліваецца, што дыялог паміж хрысціянамі і будыстамі павінен абвяшчаць перш за ўсё ўласцівае абедзвюм традыцыям шанаванне жыцця. Сёння ж, калі жыццю пагражаюць розныя формы зла, «гэтая трагічная сітуацыя заахвочвае будыстаў і хрысціян супольнымі сіламі выкрываць пагрозы жыццю і абуджаць сумленне нашых вернікаў, каб (…) быць сапраўднымі будаўнікамі міру».

«Будзем супрацоўнічаць далей у духу адноўленага братэрства!» — такі заклік гучыць у пасланні.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by