Кардынал Шонбарн: разгляд сужэнскіх спраў патрабуе ўважлівага аналізу | Друк |
Рымская курыя
24.02.2017 09:57

Кардынал Крыстаф Шонбарн перасцерагае перад пулапкай зводзіць пытанне разведзеных асобаў, якія жывуць у новых саюзах, толькі да магчымасці прымаць святую Камунію. «Кожны выпадак выключны, і кожная сужэнская сітуацыя непаўторная», — сцвердзіў аўстрыйскі іерарх на курсе для пробашчаў, які праходзіць у Рыме.

Форум, прысвечаны новым нормам у працэсе прызнання несапраўднасці сужэнства, арганізаваны Трыбуналам Рымскай Роты.

Венскі кардынал, які быў адным з удзельнікаў Сіноду Біскупаў на тэму сям’і, працытаваў удзельнікам сустрэчы папу Францішка: «Кожнае сужэнства мае сваю гісторыю збаўлення».

Кардынал Шонбарн указаў, што разгляд сужэнскіх спраў патрабуе ўважлівага аналізу не толькі з пункту гледжання права, але і паўнаты жыцця. Іерарх заахвочвае святароў «не ацэньваць разведзеных асобаў, а спрабаваць іх зразумець». У душпастырстве не павінна быць строгасці.

У папскай адгартацыі святары заклікаюцца «фармаваць сумленні, а не замяняць іх», — адзначыў кардынал Шонбарн. Адначасова іерарх нагадаў, што пільным выклікам застаецца добрая падрыхтоўка маладых да заключэння сакрамэнту сужэнства.

КАІ (VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by