Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Італьянскі каталіцкі публіцыст аб беатыфікацыі Пія ХІІ
04.11.2010 12:44

У новым нумары італьянскага выдання «Corriere della Sera» каталіцкі публіцыст Вітторыё Мессоры палемізуе з тымі «яўрэйскімі коламі», якія аспрэчваюць неабходнасць беатыфікацыі папы Пія ХІІ, асуджаючы гэтага Папу за пасіўнасць у часы Халакосту. Акрамя гэтага, у выданні змешчаны тэкст малітвы аб беатыфікацыі Пія ХІІ, аўтарам якой з’яўляецца кс. Нікаля Букс, тэолаг і літургіст.

Як адзначае Вітторыё Мессоры, малітва ўжо атрымала imprimatur старшыні італьянскага епіскапату кардынала Анджэло Баньяско. У ёй адзначаецца, што Пій ХІІ «адкрыў абдымкі Пятра ўсім ахвярам жудаснай трагедыі ІІ Сусветнай вайны». Публіцыст нагадвае, што ў снежні 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнот Эўгеніё Пачэллі (папы Пія ХІІ), якога Пантыфік «шануе не толькі як чалавека, але таксама як тэолага». Рашэнне аб гэтым было прынята і «дзеля таго, каб дзесяткі амерыканскіх рабінаў, прысутных на супольным пасяджэнні, аддзяліліся ад кампаніі паклёпаў, што здзяйсняецца некаторымі іх братамі ў веры ў Еўропе».

Каталіцкі публіцыст цытуе ў гэтым месцы крытычнае меркаванне італьянскіх яўрэяў (у прыватнасці, словы галоўнага рабіна Рыма Рыкарда Дзі Сеньі) аб нядаўна прадстаўленым італьянскім тэлебачаннем RAI фільме аб Піі ХІІ, пасля чаго сцвярджае: «Хто ведае знутры каталіцкі свет, ведае, што сярод „людзей парафіі“, але таксама і сярод іерархіі, расце раздражненне з прычыны супраціўлення, з якім некаторыя колы іўдзейскага свету раздзімаюць змрочную легенду аб папу Пачэллі, нягледзячы на мноства дакументаў і сведчанняў, якія даказваюць яе памылковасць».

Напрыканцы артыкула Вітторыё Мессоры адзначае, што «ў гэтую хвіліну апошняе слова застаецца за Богам, і на гэта не ўплываюць новыя пратэсты, выразы абурэння і абвінавачванні. Для Касцёла працэс беатыфікацыі Папы Пачэллі не завяршыўся: не застаецца нічога іншага, як чакаць imprimatur з Неба для пераканання людзей, што Эўгеніё Пачэллі жыў сапраўды гераічна, цнотамі Евангелля — іншымі словамі, чакаць пацвярджэння цудаў праз яго заступніцтва».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме