Патрыярх Кірыл: важна разумець прыроду актаў вандалізму і адпаведна з гэтым рэагаваць | Друк |
05.09.2012 16:26

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл выказаў занепакоенасць нядаўнімі інцыдэнтамі, звязанымі са спілаваннем крыжоў і апаганьваннем святыняў. У асноўным акты вандалізму былі ўчынены маладымі асобамі. Па словах Патрыярха, гэтыя людзі альбо азлобленыя на Царкву, альбо з’яўляюцца інструментамі ў руках тых, «хто свядома і па перакананнях супрацівіцца Хрысту і хрысціянскаму прапаведаванню».

«Гэта кажа аб тым, што з яшчэ большай моцай нам неабходна несці людзям святло евангельскай праўды, пераканаўча пацвярджаючы свае словы добрымі справамі, напоўненымі любоўю да людзей і пачуццём адказнасці за тую справу, якую нам Царква даручыла», — прыводзіць словы кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы агенцтва «Интерфакс».

Патрыярх адзначыў, што «важна разумець прыроду гэтых з’яваў і ў адпаведнасці з гэтай прыродай рэагаваць». А сардэчныя адносіны Царквы да кожнага чалавека «здольныя растапіць усялякі лёд адчужэння ў тым выпадку, калі гаворка не ідзе пра свядомую, спланаваную ідэалагічную акцыю, накіраваную на барацьбу з Царквою і тымі каштоўнасцямі, якія Царква прапаведуе».

 
© 2003-2024 Catholic.by